У горадзе Мінску ў спорткомплексе “Спартак” адбыўся турнір па цяжкай атлетыцы на кубак Рэспублікі Беларусь. Удзел у гэтых прадстаўнічых спаборніцтвах прынялі і дабіліся высокіх асабістых вынікаў былыя выхаванцы Хойніцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву.
Не было роўных сярод выступаючых у вазе да 105 кілаграмаў былому вучню гарадской сярэдняй школы № 4, а цяпер студэнту Беларускай акадэміі фізкультуры Алегу Лобану. Падняўшы штангу 175 кілаграмаў у рыўку і 215 кілаграмаў у штуршку ён далёка апярэдзіў сваіх даволі імянітых сапернікаў.
Другое месца ў вазе да 62 кілаграмаў заваяваў былы вучань СШ № 1, які зараз вучыцца ў Магілёўскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, Віктар Саракалетаў. Спартсмен амаль вылечыўся ад траўмы рукі, якую атрымаў на першынстве Еўропы ў Іспаніі. Можна па-добраму пазайздросціць яго волі да перамогі: юны цяжкаатлет прайграў толькі 13 кілаграмаў у рыўку заняўшаму першае месца прадстаўніку горада Барысава.
Сваё ўзросшае спартыўнае майстэрства прадэманстравала на гэтых спаборніцтвах былая выпускніца СШ № 3, а зараз навучэнка Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву, Іна Палуянава. Толькі адзін кілаграм па агульнай суме балаў не дабрала яна, каб перамагчы пераможцу, удзельніцу алімпійскіх гульняў у Пекіне Анастасію Кулеш. Але і другое месца – вельмі добры вынік.
Бронзавым прызёрам спаборніцтваў стаў наш зямляк, навучэнец Магілёўскага вучылішча алімпійскага рэзерву Яўгеній Лявіцкі.
В. СЕРАДА,
трэнер СДЮСШАР па цяжкай атлетыцы.