Знікненне з палітычнай карты свету былога СССР найбольш востра адчулі на сабе тыя нашы землякі, якім да векапомнага снежня 1991 года давялося жыць за межамі роднай Беларусі. Не стаў выключэннем Іван Аляксандравіч Мароз. Нарадзіўся ён у вёсцы Кажушкі, закончыў школу, а пасля службы ў арміі ў 1971 годзе вырашыў пачаць самастойнае жыццё ў далёкім Новатроіцку – заўральскім горадзе, што знаходзіцца ў Арэнбургскай вобласці. У той час гэта было звычайнай справай, і многія юнакі пасля дэмабілізацыі з арміі ехалі на БАМ, будоўлі Сібіры і Далёкага Усходу, а Івана перабрацца ў Новатроіцк паклікала родная сястра.
Так было і ў горадзе Сцепнагорск Цалінаградскай вобласці (дарэчы, Цалінаград сёння з’яўляецца сталіцай Казахстана і носіць назву Астана), дзе пачалося будаўніцтва буйнога гідраметалургічнага камбіната і куды пераехалі з Новатроіцка яшчэ халастыя Іван і Ганна.
Свае абяцанні кіраўніцтва камбіната стрымала, і праз год пасля вяселля маладыя пераехалі ў новую кватэру. Разам працавалі на камбінаце, расцілі дзвюх дочак – Таццяну і Алену і здавалася, што так будзе заўсёды. Тым болей, што прадпрыемства, як і многія іншыя ў горадзе, уваходзіла ў сістэму «абаронкі» і таму забеспячэнню Сцепнагорска (напрасткі з Масквы) маглі пазайздросціць і многія абласныя цэнтры – кожны чацвёрты яго жыхар меў у карыстанні ўласны аўтамабіль, а магазіны былі запоўнены самымі дэфіцытнымі таварамі.
Але ў пачатку ліхіх 90-х надышлі зусім іншыя часы: сувязь з расійскай сталіцай была перарвана, а ў мясцовых улад да патрэб індустрыяльнага гіганта проста не даходзілі рукі. Зарплату не плацілі наогул, разлічваліся прадуктамі харчавання, і людзі пачалі ў масавым парадку звальняцца і пераязджаць на іншае месца жыхарства. І сям’я Марозаў у 1997 годзе вырашыла пераехаць на Хойнікшчыну. Родныя Кажушкі да таго часу былі адселены, таму і накіраваліся Іван Аляксандравіч з Ганнай Іванаўнай у эксбазу «Стралічава». Тут ім выдзелілі пакінуты дом, зрабілі ў ім капітальны рамонт, але ж яшчэ цэлы год перасяленцам давялося ўласнымі сіламі даводзіць гэтае жыллё да ладу.
Ганна Іванаўна працавала загадчыцай лабараторыі спіртзавода, а Іван Аляксандравіч – галоўным механікам эксбазы «Стралічава». З гэтых месц работы і пайшлі яны на заслужаны адпачынак: яна – у 2003 годзе, ён – у 2005-м. Зараз па-ранейшаму жывуць яны ва ўласнаручна адбудаваным доме, росцяць унукаў, трымаюць, хаця і невялікую, але сваю гаспадарку. І справа тут не толькі ў нейкіх вялікіх ад яе даходах: проста не прывыклі гэтыя людзі ні хвіліны сядзець склаўшы рукі, і менавіта ў працы бачаць яны сэнс свайго жыцця. Да такой жа працавітасці з дзяцінства прывучаюць яны і сваіх унукаў, якія зараз не проста госцяць у дзеда з бабай, а з’яўляюцца іх сапраўднымі і ўмелымі памочнікамі і ў агародзе, і ў клопатах з жыўнасцю. А трымаюць Марозы карову Зорку з цялём, свіней, курэй, раней былі трусы, індыкі і качкі. У канцы лета і восенню радуюць гаспадароў плады цяністага сада, большасць дрэў якога высаджана таксама іх рукамі.
– Нашы дзеці выраслі працавітымі людзьмі, такімі ж хочам бачыць і ўнукаў, – гаворыць Іван Аляксандравіч. – Толькі ўласным прыкладам мы можам зрабіць іх такімі. І вельмі сорамна за некаторыя шматдзетныя сем’і, у якіх бацькі не працуюць, п’юць, а жывуць яны толькі за кошт «дзіцячых» грошай. Гледзячы на такіх гора-бацькоў, не цяжка ўявіць якімі работнікамі вырастуць іх дзеці…
– А я не разумею, чаму столькі людзей жывуць у Стралічаве, а на работу ездзяць у горад: паглядзіце, колькі іх стаіць кожную раніцу на аўтобусным прыпынку, – уступае ў размову Ганна Іванаўна. – А хто ж будзе на зямлі працаваць, тым болей, што зарплаты сёння і механізатарам, і жывёлаводам дастойныя плацяць?..
Амаль роўна праз месяц, у сёмы майскі дзень адсвяткуе гэтая сям’я свой 40-гадовы юбілей. Па святочнаму рэестру Іван Аляксандравіч і Ганна Іванаўна адзначаць рубінавае вяселле, на якім віноўнікі ўрачыстасці павінны разам з’есці адзін гранат. Згодна з павер’ем, робіцца гэта для таго, каб кроў у іх зноў стала такой жа рубінавай і гарачай як у маладосці. А значыць, паспеюць яны зрабіць яшчэ многа добрых спраў на карысць сваіх блізкіх і раёна – няхай так яно і будзе!
Віктар НАЗАРАНКА.