Давайце больш гаварыць «дзякуй» адзін аднаму

Общество

Пагадзіцеся, што часцей кнігу заўваг і прапаноў мы ўспрымаем як нагоду напісаць туды нешта крытычнае, паскардзіцца на чалавека, які аказаўся няправы ў той ці іншай сітуацыі.

Аднак ёсць выпадкі, калі жыхары выказваюць падзяку за прафесіяналізм, добрасумленныя адносіны да сваёй працы. Так, нядаўна ў кнігу заўваг і прапаноў РАУС дабавіліся станоўчыя водгукі некаторых грамадзян у адрас супрацоўнікаў аддзела.

Вось што стала прычынамі падзяк. Андрэю Дземідзенку, які пражывае па вул. Меліяратыўная райцэнтра, супрацоўнікі АДС С.В. Сачко і ДАІ А.А. Анісенка і В.У. Штыхноў дапамаглі аператыўна раскрыць адміністрацыйнае правапарушэнне літаральна за паўдня – яны знайшлі злачынцу, які пашкодзіў яму агароджу трактарам.

Яшчэ добрыя словы ў кнізе заўваг і прапаноў адрасаваны работнікам групы па грамадзянству і міграцыі М.Л. Лебедзевай-Грыгаровіч, А.А. Мазырцу, К.Г. Новік. Хайнічанін А.Ю. Гарбар дзякаваў ім за хуткую замену пашпарту.

Наступны водгук паступіў ад гамяльчанкі. Справа была такая: убачыўшы, як ветліва і разважліва супрацоўнік ДАІ РАУС С.Г. Шлёг размаўляе з аўтамабілістам, парушыўшым правілы дарожнага руху, жанчына вырашыла ўнесці прозвішча Сяргея Генадзьевіча ў афіцыйны дакумент.

Сапраўды, давайце больш гаварыць «дзякуй» адзін аднаму, бо гэта вельмі проста, а другім будзе прыемна.

Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *