Салдаты Перамогі


Аб тым, як часам за кароткую перабежку пад шквальным агнём успамінаеш цэлае жыццё, такое кароткае яшчэ ў 18-20 год,  як вельмі важна верыць, чакаць, спадзявацца, аб тым, што нічога няма важнейшага на свеце, чым самага простага: бязвоблачнага неба над галавой, свежага хлеба на стале, аб тым, што слёзы могуць быць шчаслівымі, а шчасце крута замешана на слязах, могуць расказаць ветэраны-франтавікі Е. А. Сядова і М. А. Ляшчун.

Дзень Перамогі для іх – святое свята. Еўдакія Андрэеўна сустракала яго ў далёкім 1945-м у Берліне і паставіла свой аўтограф на сцяне рэйхстага. Там жа пачыналася і яе сям’я, якой прысвяціла ўсю сябе ў пасляваенны час, а таксама працы на карысць Радзіме. І ўжо будучы на заслужаным адпачынку вызначылася высокай актыўнасцю ў дзейнасці раённай ветэранскай арганізацыі па выхаванню патрыятычных пачуццяў у падрастаючага пакалення.

На жаль, гады бяруць сваё. Па стану здароўя не змагла сёлета Еўдакія Андрэеўна па запрашэнню абласнога савета ветэранаў і абласнога фонду міру пабываць у Гомелі на сустрэчы з жанчынамі-ўдзельніцамі Вялікай Айчыннай вайны, прысвечанай 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Мы вас віншуем, баявыя сяброўкі”. Аб тым, як прайшла гэтая сустрэча,  напярэдадні Дня Перамогі расказаў Е.А. Сядовай старшыня прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі  Міхаіл Савельевіч Скрыпчанка (на здымку ўнізе) і ўручыў каштоўны падарунак (падарункі на той сустрэчы атрымалі ўсе жанчыны-франтавічкі).

Частыя госці вучні Судкоўскай СШ у ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Аляксандравіча Лешчуна, які быў прызваны ў дзеючую армію ў 1943 годзе па дасягненню паўналецця.

Прымаў удзел у вызваленні Польшчы, ваяваў ва Усходняй Прусіі. Жыве зараз адзін у доме  ветэран, але не ў адзіноце. Штодня наведваюць дзядулю ўнучкі дзевяцікласніца Кацярына і Марына. У пакоях прыбяруць, ежу згатуюць. А сёння вось Кацярына прыйшла разам з сяброўкамі Таццянай Галеня і Вольгай Белаш (на здымку ўверсе), каб павіншаваць Мікалая Аляксандравіча са святам.


Уладзімір СЯМЕНАЎ


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *