Яе працоўны дзень пачынаецца рана – кожны дзень штогод практычна без выхадных і святаў, у пачатку сёмай гадзіны раніцы Марыя Іванаўна Галеня (на здымку) ужо на сваім рабочым месцы.
І ўсё ж па працы – і гонар, і зарплата, што таксама немалаважна. Марыя Іванаўна гаворыць:
– Сваім заробкам я задаволена. Напрыклад, за сакавік выйшла 8 мільёнаў 700 тысяч рублёў. А што – добра папрацуеш, то добра і заробіш. Эканоміка…
Успамінае з якой насцярожанасцю ўспрымала яна сама і таварышы па прафесіі новую тэхналогію вырошчвання маладняку. Усе баяліся, што будуць хварэць малыя зімой у тоненькіх доміках на адкрытым паветры. Але першая ж зімоўка паказала, што дарэмнымі былі іх хваляванні і апасенні:
– Захаванасць цялят стала яшчэ вышэйшай, чым пры ўтрыманні ў цесных і цёмных цялятніках, дзе і хваробы імгненна перадаваліся, і ад мух і слепняў летам было не пазбавіцца, і дэзінфекцыю праводзілі раз за разам. А гэта ж усё сродкі, сабекошт…
– Для захаванасці цялят, каб яны раслі здаровымі і дужымі, – працягвае Марыя Іванаўна, – нічога іншага не трэба, акрамя адсутнасці скразнякоў, глыбокага і сухога падсцілу, дастатковай колькасці малака і камбікорму. Усё гэта я імкнуся забяспечыць сваім гадаванцам.
У жывёлагадоўлі М.І. Галеня працуе ўжо больш за 45 гадоў. Была даглядчыцай, даяркай, а апошнія паўтара дзесятка гадоў займаецца цялятамі. І ў тым, што кожнае з іх выглядае як з пастаральнай паштоўкі – чыстым, жвавым і дагледжаным, яе самая непасрэдная і вялікая заслуга.
Віктар НАЗАРАНКА.