У працы мірнай і ратнай

Людзі і лёсы

Як і многія ветэраны, Рыгор Іванавіч Паўлюкавец (на здымку) не вельмі ахвочы да ўспамінаў аб франтавых буднях. Яно і зразумела: успамінаць аб гэтым – трывожыць душу. Па-другое, як апісаць тое, чым займаўся  штодзённа ў той трывожны час? Наступаючы і абараняючыся, губляючы баявых таварышаў, і ў думках молячы Бога дапамагчы застацца ў жывых. Бо стаў у салдацкі строй, калі было толькі дзевятнаццаць гадоў.



Гэта былі гады маладосці, і Рыгор, як і яго равеснікі-землякі з вёскі  Казялужжа, марыў аб светлым будучым, аб мірнай стваральнай працы. А лёс падрыхтаваў суровае выпрабаванне.
Салдацкую навуку ў якасці аўтаматчыка юнак асвойваў у горадзе Кіраў Смаленскай вобласці. У складзе 330-га стралковага палка ў 1943 годзе па-чалася  ваенная біяграфія Рыгора Іванавіча. Давялося ваяваць на тэрыторыі Польшчы, ва Усходняй Прусіі, дзе асабліва цяжкія баі вяліся ў студзені-лютым 1945 года. Моцныя маразы, вялікі снег стрымлівалі дзеянні савецкіх байцоў. Аднак, нягледзячы на гэта, аўтаматчыкі падымаліся ў атаку, пераадольваючы цяжкасці, адбіраючы ў ворага пядзь за пяддзю.
Тут жа, у красавіку гэтага года ў баях за Эльбу Рыгор Іванавіч атрымаў цяжкае раненне ў нагу, лячыўся спачатку ў Германіі, а потым у шпіталі ўкраінскага горада Лебядзінава, дзе і пачуў жаданую вестку аб Вялікай Перамозе.



Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся дамоў. Пачаў працаваць у саўгасе «Судкова» ў конегадоўлі ездавым, а затым увесь час да пенсіі  заняты  быў  у паля-водстве.
У 1951 годзе стварыў сям’ю, з Соф’яй Адамаўнай жывуць разам 52 гады. Пабудавалі вялікі дом, нарадзілі сына, разбілі каля дома сад.
Ратны подзвіг абаронцы Айчыны адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, да гэтай узнагароды  дабавіліся і ўзнагароды за мірную працу.
Развітваючыся, Рыгор Іванавіч папрасіў праз газету выказаць  словы шчырай удзячнасці дырэкцыі КСУП «Судкова» – не забываюць тут свайго ветэрана, заўсёды віншуюць з дзяржаўнымі святамі, самым дарагім з якіх былы франтавік лічыць Дзень Вялікай Перамогі.



Чалавек поўнасцю раскрывааецца ў дамашняй абстаноўцы. Я не пачула ніводнага слова скарг або незадаволенасці ад  Рыгора Іванавіча Паўлюкаўца. Ён – аптыміст па натуры.
Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жывых сведкаў тых страшных гадоў, з кожным годам становіцца ўсё менш. З гэтым нічога не зробіш. Застаецца толькі наведваць іх часцей ды запісваць успаміны аб ваенных гадах, каб захаваць ваенную гісторыю нашу.
Людзі ваеннага пакалення своеасаблівыя. Яны ведаюць цану і гору, і радасці. І галоўнае іх пажаданне, просьба, маленне – каб перажытае імі ніколі не паўтарылася.



Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *