Задачы патрэбна ставіць эканамічна выгадныя

Власть

На гэты прынцыповы момант звярнуў увагу старшыня аблвыканкама У.А. Дворнік, які прыняў удзел у пасяджэнні.

Таксама ўдзельнічалі ў пазапланавым пасяджэнні райвыканкама начальнікі ўпраўленняў і служб аблвыканкама, старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар.

Старшыня райвыканкама А.У. Бандарэнка праінфармаваў аб прагнозных параметрах і плане развіцця раёна на 2019 год. Аб мерах па развіццю сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, гандлю, паслуг, інвестыцыйнай дзейнасці, прадпрымальніцтва, сацыяльнай сферы, забеспячэнню занятасці і росце заработнай платы выступілі намеснікі старшыні райвыканкама Ж.Я. Бажок, А.М. Іўкова, А.П. Гура, Ж.М. Чарняўская. Самае галоўнае – годны ўзровень жыцця людзей, на гэта і напраўлены запланаваныя мерапрыемствы.

Раён наш сельскагаспадарчы, таму так важна, каб стабільна работалі сельгаспрадпрыемствы, каб іх кіраўнікі прымалі абгрунтаваныя рашэнні. «Думаць перш за ўсё патрэбна не аб аднамомантным прыбытку, – акцэнтаваў У.А. Дворнік, – а доўгатэрміновым. Калі здаць карову на мясакамбінат, то аб якім малаку і прыбытку можа ісці размова?».

Мэтанакіравана трэба ісці сельгаспрадпрыемствам па шляху павелічэння пагалоўя, не забываючы аб прадуктыўнасці.

Перагледзець сістэму работы аператараў машыннага даення даручыў старшыня аблвыканкама. Загадчык МТК «Пудакоў» КСУП «Веляцін» А.А. Макаранка будзе накіраваны ў КСУП «Камбінат «Зара» для пераймання вопыту арганізацыі работы даярак па зменах (дзень працуе, дзень адпачывае). Такі рэжым работы больш прывабны для работнікаў, і гэтыя змены дазволяць палепшыць сітуацыю з кадрамі.

У раёне 40 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, землі добрыя (сярэдні бал сельгасугоддзяў 31, раллі – 33). Неабходна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці, якія ёсць далёка не ў кожным раёне, і паказваць добрыя вынікі, выдатную ўраджайнасць. І засяваць палі патрэбна тымі культурамі, ад якіх можна атрымаць найлепшую аддачу – кукурузу, пшаніцу, напрыклад.

Пры гэтым немалаважнае значэнне мае і строгае захаванне тэхналогіі: своечасова землю апрацаваць, унесці ўсе неабходныя рэчывы, своечасова засеяць (кожнай культуры – свой час), своечасова ўбраць. «Несвоечасова засеялі, парушылі тэрміны – вось і не атрымалі ўраджайнасці, – канстатаваў Уладзімір Андрэевіч. – Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, падлічыце, што больш выгадна сеяць пры аднолькавых выдатках, і ўкараняйце».

У хуткім часе ўсе сельгаспрадпрыемствы вобласці будуць укамплектаваны тэхнікай, таму задача стаіць адна – паказаць добры вынік.

Разгледжана сітуацыя з гандлёвым абслугоўваннем. Прыватныя суб’екты гандлю ўпэўнена асвойваюць сельскую мясцовасць, адкрываюцца новыя магазіны. І спыняцца на дасягнутым рана, ёсць пакуль населеныя пункты, дзе яшчэ «не ступала нага гандляра».

Дадзена даручэнне правесці з грамадзянамі, якія маюць жаданне займацца ўласнай справай, вучобу з дэтальным тлумачэннем, якія субсідыі выдзяляюцца, які занятак будзе лічыцца рамесніцтвам, чым можна займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, якія падаткі плаціць. Людзі павінны ведаць, куды звяртацца, якія дакументы прадастаўляць і як працаваць. Садзейнічанне павінна быць усебаковым. А ініцыятыўных людзей на Хойнікшчыне хапае.

Будаўніцтва ў раёне развіваецца добрымі тэмпамі. На бягучы год запланавана пабудаваць 40-кватэрны і індывідуальны дамы, пачаць будаўніцтва двух шматкватэрных дамоў. У завода жалезабетонных вырабаў, які і будзе ажыццяўляць будаўніцтва аднаго з дамоў, самы танны квадратны метр.

Больш увагі неабходна ўдзяляць прафілактыцы захворванняў сістэмы кравазвароту, распрацаваць мерапрыемствы, напраўленыя на зніжэнне смяротнасці, асабліва ў працаздольным узросце. Медработніку неабходна дайсці літаральна да кожнага, растлумачваючы, што ў многім здароўе залежыць і ад самога чалавека. Здоровы лад жыцця, прытрымліванне назначэнняў доктара, своечасовая дыспансерызацыя – за гэта ўсё ў адказе кожны сам за сябе.

Штомесяц на кожнай ферме будуць падводзіць вынікі работы, вызначаць лепшых, растлумачваць, ад якіх паказчыкаў залежыць заработная плата, выказваць нараканні і пажаданні. Такое даручэнне даў старшыня аблвыканкама У.А. Дворнік раённаму аб’яднанню прафсаюзаў.

Вольга БЕЛАШ.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *