Дапаможа мадэрнізацыя

Экономика

Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне № 45, якое з’яўляецца філіялам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельаўтадор» – адно з самых маладых прадпрыемстваў у нашым раёне. Адлік сваёй гісторыі яно вядзе толькі з 2000 года. Але і за гэтыя 12 з паловай гадоў на рахунку дарожнікаў нямала добрых спраў. Аб сённяшнім дні працоўнага калектыву ДЭУ-45 расказвае яго начальнік Сяргей Міхайлавіч ЧЫРУН.



Галоўнай задачай нашага прадпрыемства з’яўляецца гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на якаснае ўтрыманне і эксплуатацыю рэспубліканскіх аўтамабільных дарог і дарожных збудаванняў для ажыццяўлення круглагадовага і бесперабойнага руху транспартных сродкаў. У цяперашні час мы абслугоўваем аўтамабільныя дарогі Хойніцкага, Брагінскага, Лоеўскага і Рэчыцкага раёнаў, агульная працягласць якіх складае 240,4 км. У Хойніцкім раёне наша ДЭУ-45 забяспечвае ўтрыманне і бягучы рамонт на дарогах Р-35 Калінкавічы-Брагін-Камарын-мяжа з Украінай (37,1 км) і Р-33 Рэчыца-Хойнікі (48,7 км).



Сярод асноўных работ, якія выконваюць спецыялісты нашага ДЭУ – ямачны рамонт дарожнага пакрыцця, прафіліроўка (грэйдзіраванне) абочын, разметка дарог, устаноўка і рамонт дарожных знакаў, дыскаванне і абкошванне зямель у палосах адводаў, утрыманне ў належным стане тэрыторый пляцовак адпачынку, павільёнаў на аўтобусных прыпынках, рамонт і ўстаноўка бардзюраў.
Для выканання ўсіх гэтых работ у нас ёсць 30 адзінак тэхнікі, вось толькі праблема ў тым, што на некаторых з іх, якія эксплуатуюцца з дня заснавання нашай арганізацыі, зношанасць ужо дасягнула 90 працэнтаў. Выручаюць залатыя рукі нашых майстроў, якія могуць самі выконваць многія рамонтныя работы і таму аўральных сітуацый, а таксама прастояў тэхнікі пакуль што не ўзнікала.



Вырашэнню гэтай праблемы павінна паспрыяць праграма мадэрнізацыі прадпрыемстваў РУП «Гомельаўтадор», распрацаваная на тэрмін да 2015 года. У адпаведнасці з яе палажэннямі мадэрнізацыя закране і наш парк тэхнікі. Зрэшты, працэс гэты ўжо пачаўся, і за мінулы год, а таксама за першы квартал 2013 года «Гомельаўтадор» выдзеліў нам два новых аўтамабілі МАЗ – адзін грузапад’ёмнасцю 10 тон, а другі, з прычэпам – 36 тон. Таксама наш трактарны парк папоўніўся новенькім МТЗ з навясным абсталяваннем новай касілкай. Гэтыя набыткі значна пашыраюць нашы сённяшнія і будучыя магчымасці.
На сённяшні дзень наш працоўны калектыў налічвае 82 чалавекі, з якіх 28 заняты непасрэдна на дарогах нашага раёна. Гэта – дарожныя рабочыя, вадзіцелі, трактарысты, машыніст аўтагрэйдэраў, вадзіцель пагрузчыка, інжынерна-тэхнічныя работнікі. Усе яны ўносяць свой уклад у агульную справу і сярод 8 прадпрыемстваў РУП «Гомельаўтадор» наша ДЭУ-45 знаходзіцца на добрым рахунку. Яшчэ не было такога года, каб мы не справіліся з даведзенымі заданнямі і аб’ёмамі работы, а ўсе выдзеленыя нам сродкі паспяхова асвойваюцца.



Хацелася б звярнуцца да жыхароў нашага раёна і заклікаць іх захоўваць належны парадак на дарогах, аўтобусных прыпынках і пляцоўках адпачынку. Усё ж гэта зроблена і пабудавана для вас і вашых зручнасцей. Напрыклад, на нашым абслугоўванні знаходзіцца 7 пляцовак адпачынку, і 3 з іх на тэрыторыі нашага раёна: на мяжы Хойніцкага і Калінкавіцкага раёнаў, на рэчыцкай трасе каля вёскі Дубровіца і каля помніка героям-даватарцам. На кожнай з іх устаноўлены кантэйнеры і ўрны для смецця. Але які непатрэбны малюнак застаем мы тут кожную раніцу, асабліва пасля выхадных. Паважайце сябе, паважайце нашу працу, беражыце хараство роднай прыроды і не забруджвайце яе смеццем і адходамі. І тады наша зямля стане яшчэ больш прыгажэйшай, а аўтадарогі і іх спадарожная інфраструктура будуць выглядаць больш дагледжанымі і цывілізаванымі. Ва ўсялякім разе мы прыкладзем для гэтага ўсе свае сілы і магчымасці.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *