У чаканні жніва

Сельское хозяйство

У чаканні жніва



Не спадае напружанне на палях і сенажацях раёна. Працаўнікі вёскі ў гэты спякотны і гарачы час працуюць амаль што ў літаральным сэнсе ад цямна і да цямна. І кіраўніцтва гаспадарак, іх прафсаюзныя камітэты імкнуцца зрабіць усё магчымае для забеспячэння самых спрыяльных умоў працы. Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна ад першых дзён веснавых палявых работ арганізавана гарачае харчаванне работнікаў. Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве «Аравічы» адказнай за дастаўку абедаў у поле з’яўляецца Алена Паўлаўна Шкурко (на здымку). У сталовай гаспадаркі яна працуе ўжо не першы год, таму добра ведае ўсіх працуючых. А дзякуючы яе ветлівасці і добраму, да месца сказанаму слову, і абеды, і вячэры здаюцца людзям смачнейшымі. Пакуль што стравы для занятых у полі работнікаў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства заказвае ў гарадскім кафэ «Віраж». Але да пачатку жніва тут плануюць завяршыць бягучы рамонт уласнай сталовай, і ў гарачыя дні ўборачнай механізатары будуць падсілкоўвацца стравамі з барысаўшчанскай сталовай.



На палях ужо наліваецца сонечнай спеласцю збажына,  не заўважыш, як прыйдзе час пачынаць уборку збожжавых культур. А папярэднічаць ёй, як заўсёды будзе ўборка рапсу. Таму трэба ўжо пачынаць падрыхтоўку тэхнікі, і ў першую чаргу – збожжаўборачных камбайнаў. У «Аравічах» іх 8: па 4 КЗС-1218 і КЗР-10. Механізатары гаспадаркі першымі ў раёне ўжо заняліся сваімі «стэпавымі караблямі». Самы час пераняць іх прыклад камбайнерам, іх памочнікам і рамонтнікам з астатніх гаспадарак раёна.



                                                                                                                                                    Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *