Першыя сярод лепшых

Сельское хозяйство

Першыя сярод лепшых



У сельгаспрадпрыемстве «Аравічы» сёлета быў аб’яўлены агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне аб’ектаў жывёлагадоўлі. Работнікі ўсіх ферм падтрымалі ідэю і агульнымі сіламі пачалі наводзіць парадак на сваіх працоўных месцах. На працягу ўсяго мая на малочнатаварных фермах і комплексе кіпела работа.
Па словах галоўнага заатэхніка КСУП «Аравічы» Кацярыны Аляксандраўны Латаш, намаганні працаўнікоў малочнатаварных ферм падтрымалі ў Барысаўшчанскім сельвыканкаме, дапамагаў ствараць прыгажосць на МТФ «Віць» і калектыў Віцьеўскай школы. 



7 чэрвеня журы ў складзе в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.В. Калыхана, яго намесніка па жывёлагадоўлі Ж.М. Седач, галоўнага спецыяліста па кадрах Т.У. Кузьменкі і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошкі пабывала на трох добраўпарадкаваных аб’ектах КСУП «Аравічы» і вызначыла лепшага з іх.



Летась быў запушчаны малочнатаварны комплекс «Храпкава». Па даных галоўнага эканаміста КСУП «Аравічы» С.Ф. Кушнер, сёлета паказчыкі радуюць сваім ростам: 87,7 % малака тут катэгорыі «экстра». Кіруе работай  загадчыца Наталля Мікалаеўна Сінгаеўская – адказная жанчына, якая разам з калектывам падтрымлівае парадак і бесперабойную работу на комплексе. Тут усталявалі альтанку, распісалі яе дзівоснымі ўзорамі накшталт «хахламы».



Наступным аб’ектам стала ферма «Барысаўшчына», дзе загадчыцай працуе Таццяна Міхайлаўна Лобан, а дапамагае ёй Ганна Рыгораўна Гарашчанка. Ферма ? лепшая ў гаспадарцы па паказчыках. Напрыклад, сярэднясутачны надой на адну карову складае зараз 14 літраў, што ў параўнанні з 2012 годам больш чым на 2 літры. Дэлегацыю сустрэла камічная сялянская пара, вырабленая з тканіны, якая размясцілася ў ценю аднаго з будынкаў фермы. Толькі блізка падышоўшы, можна зразумець, што гэта муляж.



Выгляд малочнатаварнай фермы «Віць», якую журы разам з дырэктарам КСУП «Аравічы» А.А. Кліменкам наведалі трэцяй, пераўзышоў усе чаканні. Мы ўжо публікавалі здымкі гэтай фермы ў адным з майскіх нумароў «Хойніцкіх навін», але на гэты раз аблічча аб’екта жывёлагадоўлі выглядае яшчэ прыгажэй.
Сустракалі тут гасцей з вялікай пашанай, караваем дырэктар Барысаўшчанскага СДК Н.А. Пляско і культарганізатар установы В.У. Вяргейчык.



Паўсюдна на малых архітэктурных формах утульна размясціліся плюшавыя лялькі. На прыдзірлівую заўвагу членаў журы «Толькі для конкурсу цацкі выставілі?» пачулі ў адказ: «Не, толькі перад дажджом здымаем, каб не змакрэлі».



Асобна намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Ж.М. Седач акцэнтавала ўвагу журы на радзільным аддзяленні фермы. Чыстае, выбеленае памяшканне сустрэла наведвальнікаў водарам палявых траў. Тут букеты рамонкаў, конскага шчаўя, майскага чаю і палыну ахайна развесілі сушыцца. Гэта ветфельчар Віцьеўскай фермы Л.В. Ус ужо рыхтуе травяныя зборы для цялятак.
«Прырода сама стварыла для жывёлы ўсё неабходнае. Нам толькі сабраць заставалася», — адказвала на хвалебныя словы Любоў Васільеўна.



Лепшую ферму вызначылі адразу. Першае месца заняла МТФ «Віць», прыз ад кіраўніцтва атрымала загадчыца фермы Ніна Сяргееўна Сідарок. Другое месца аддалі Барысаўшчанскай ферме, а трэцяе дасталося Храпкаўскаму комплексу.



Акрамя дыпломаў пераможцам уручылі грашовыя прэміі: адпаведна 3, 2 і 1 мільён рублёў.



                                                                                                                                              Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *