Згадзіцеся, што калі чуеш пра поспехі землякоў, бярэ гонар.
Можна не быць асабіста знаёмым з ураджэнцам адных мясцін, але міма волі радуешся любым поспехам хайнічан.
Гэта датычыцца і дасягненняў хайнічаніна Андрэя Бандарэнкі – вядучага, карэспандэнта і рэдактара дырэкцыі спартыўнага вяшчання тэлеканала «ОНТ». Яго голас мы чуем з дынамікаў тэлевізара, калі абвяшчаюцца поспехі беларускіх спартсменаў. Гарачы аматар спорта, ён перадае гэта захапленне і гледачам.
На мінулым тыдні Андрэй Бандарэнка наведаў Казялужсую сярэднюю школу, дзе ў рамках адзінага дня інфармавання паўдзельнічаў у праекце «Школа Актыўнага Грамадзяніна». Прафесійнага вядучага запрашаюць на сустрэчы са школьнікамі не ўпершыню. У 2016 годзе вучні Казялужскай школы сустракаліся з тэлезоркай, тым больш, што падлеткам было цікава з першых вуснаў даведацца пра «кухню» спартыўнай журналістыкі і камічныя моманты, звязаныя з гэтай работай.
Вось і на гэты раз адной тэмай, для якой журналіст Андрэй Бандарэнка падрыхтаваў прэзентацыю, не абышлося. Абмеркавалі не толькі нядаўні Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі, які праходзіць у 15-ы раз. Школьнікі цікавіліся, як вядучы спраўляецца з хваляваннем у час прамога эфіру, якія турыстычныя ўражанні прывозіць з замежных камандзіровак. Госцю было пра што расказаць – у спісе журналіста работа ў час правядзення Зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхенчхане (2018 год) і Летніх у Рыа-дэ-Жанейра (2016). Да таго ж, і па-за прафесійнымі абавязкамі малады чалавек знаходзіць час для актыўнага адпачынку – кожны тыдзень разам з калегамі гуляе ў футбол.
Увогуле творчы шлях знакамітага госця быў вельмі цікавым для рабят і, магчыма, стане стымулам для некага з іх для ажыццяўлення сваёй мары. Галоўнае, як стала зразумела з гутаркі, верыць у сябе і рабіць любімую справу якасна і на сумленне. А поспех, як паказвае прыклад Андрэя Бандарэнкі, абавязкова прыйдзе.
У завяршэнне сустрэчы школьнікіі з задавальненнем сфатаграфаваліся са знакамітасцю, атрымалі аўтограф ад журналіста вядучага тэлеканала краіны. Наш зямляк выказаў спадзяванне, што ў будучым і вучні Казялужскай школы дасягнуць заўважных поспехаў, каб мы змаглі ганарыцца і імі.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.