Работнік высокай якасці, матуля залатой пробы

Главное Сельское хозяйство

На Хойнікшчыне нямала жыве людзей, пра якіх не сорамна сказаць «Чалавек з вялікай літары».

Увесь час цешуся, што мая прафесія дазваляе пазнаёміцца з такімі ўзорнымі асобамі, а яшчэ расказаць пра іх вам, паважаныя чытачы.

На гэтым тыдні атрымалася пабачыцца з унікальнай у многіх сэнсах жанчынай. Жыхарка в. Езапоў Аляксандра Адольфаўна Ушакова з’яўляецца, бадай, адной з нямногіх у нашым раёне работніцай сельскай гаспадаркі, якая паспела рэалізавацца ў некалькіх напрамках. Як маці, бо нарадзіла і разам з мужам выхавала 10 дзяцей. А яшчэ як прафесіянал сваёй справы: у лютым спаўняецца 44 гады, як прыйшла ў жывёлагадоўлю маладым спецыялістам. За гэты час змяніла некалькі спецыяльнасцяў, а з 1982 года замацавалася на адной – аператара машыннага даення Езапоўскай малочнатаварнай фермы КСУП «Судкова».

ЛЮБОЎ ДА ПРАЦЫ – ГЭТА СЯМЕЙНАЕ

Аляксандра Адольфаўна вырасла ў працавітай шматдзетнай сям’і. Бацькі, Адольф Анатольевіч і Алена Максімаўна, многа і цяжка рабілі ў сельскай гаспадарцы – калгасе імя Калініна, прыцягвалі і дзяцей да працы, змаглі выхаваць у іх павагу да рабочага чалавека і імкненне зарабляць сабе на хлеб не простым выкананнем абавязкаў, а дэманстраваць у рабоце якасць. Пасля школы Аляксандра Лешчанок (дзявочае прозвішча маёй гераіні) паступіла ў Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, а пасля атрымання дыплома ў 1975 годзе прыехала дадому і пайшла працаваць кантроль-асістэнтам у калгас імя Калініна. Паспрабавала ў першы год папрацаваць на розных пасадах, цікава было праверыць свае магчымасці. Але на нейкі час на першы план стала сям’я.
практычная развага

Больш за 40 гадоў жанчына прысвяціла працы даяркі. Пасля дэкрэтнага водпуску пайшла на такую пасаду ўсвядомлена – навошта прасіжваць час у канторы за невялікія грошы, калі ёсць магчымасць у гэтым жа калгасе зарабляць дастойныя сродкі. Так, давядзецца цяжка папрацаваць, але вынік таго каштуе. Прыкладна такім чынам меркавала жанчына, і за доўгі час сваю думку не змяніла.

Прычым у 1970-я ды некалькі дзесяцігоддзяў пасля работа даяркі цалкам засяроджвалася на ручной працы. І не толькі даенні. Варта было надоенае малако ўручную перанесці ў халадзільнік, а яшчэ сваім кароўкам нанесці і падсілкаваць іх кормам, а потым паспець навесці парадак, вынесці гной шуфляй. І так тройчы на дзень. Пры такім рэжыме можна і прытомнасць страціць – так я сабе ўяўляю падобныя штодзённыя нагрузкі з самага ранку па глыбокую ноч. Але такі характар у А.А. Ушаковай, што здоляе з любой працай.

ЖАНЧЫНА, ЖОНКА, МАТУЛЯ

У той жа першы год работы Аляксандра пазнаёмілася з галоўным мужчынам свайго жыцця – Уладзімірам Ушаковым. Ён, хаця і на 5 гадоў старэйшы, таксама толькі-толькі прыйшоў у калгас. Ураджэнец Магілёўшчыны, жыццё пахістала хлопца па розных мясцінах, а асесці ён вырашыў у Хойніках. Нават цяпер дакладна не можа адказаць, што прывяло яго сюды – быццам нябачная рука лёсу падштурхнула знайсці вакансію на Палессі. Абодва са шматдзетных сем’яў, хлопец і дзяўчына добра ведалі цану рабоце і доўга не вагаліся – спадабаліся адзін аднаму, дык чаго ж у гульні гуляць, варта сям’ю ствараць.

Праз год са дня іх знаёмства Аляксандра ўжо стала не толькі жонкай і атрымальніцай новага прозвішча, але і матуляй свайго першынца. Ці магла яна тады падумаць, што на адным дзіцяці муж і жонка не спыняцца? Як сёння заўважае Аляксандра Адольфаўна, як Бог дае, дык нашто адмаўляцца.

СТОСЫ ЎЗНАГАРОД

Ветлівая і гасцінная, Аляксандра Адольфаўна запрасіла да сябе ў дом. Там мы разам з малодшымі дзецьмі пачалі шукаць матуліны ўзнагароды. Неўзабаве сабралі вялізны стос грамат і падзяк розных ступеняў – ад прафсаюзных да міністэрскіх. Асобна захоўваюцца ўзнагароды за мацярынства. Хаця да гэтых знакаў павагі з боку грамадства Аляксандра Адольфаўна ставіцца з прыроднай сціпласцю: яна проста любіць сваіх дзяцей і жадае ім толькі лепшага. Гэта, на яе шчыры погляд, натуральнае матуліна жаданне, а не прага людскога прызнання. Нават цяпер не ўяўляе іншай для сябе долі.

Сям’я ставіцца да матуліных поспехаў з павагай і разуменнем. Яны даўно звыклі, што яна днямі прападае на рабоце, хаця ў апошні час і зменшыла крыху вытворчыя абароты. Добра, што цяпер Аляксандра Адольфаўна – аператар машыннага даення, а гэта значыць, што вялікая частка работы выконваецца тэхнікай. Але ніхто не адмаўляў таксама адказна адносіцца да сваёй работы. Зараз яна абслугоўвае статак з 43 кароў, надой на адну галаву скаладае 4488 кг. Гэты паказчык з кожным годам расце.

ДОМА МАТУЛЯ, НА РАБОЦЕ – КАЛЕГА

Па такой формуле цяпер працуе Аляксандра Адольфаўна. Усе яе дзеці цяпер дарослыя – старэйшаму, Сяргею, 43 гады, а малодшай, Марыі, – 23. Як сярод нялёгкай работы знаходзіла час на выхаванне, жанчына і зараз не ведае. Усё атрымлівалася натуральна. На рабоце не было заўваг да якасці ды пра дзетак у школе педагогі не выказвалі крытыкі – усе старанныя, з ахвотай вучыліся. Толькі, бывала, чула за сваёй спінай Адольфаўна, быццам свой статак даглядае лепей за родных дзяцей. На гэта ніяк не рэагавала жанчына – чужая зайздрасць ніколі ёй жыць не перашкаджала.

Хаця ў такіх жорсткіх словах была крупінка праўды: ніколі за сваю работу чырванець не даводзілася. Таму нездарма А.А. Ушакова ў 1985 заслужана атрымала статус майстра 2 класа жывёлагадоўлі, у 1989 атрымала вышэйшую прафесійную кваліфікацыю – майстра 1 класа.

Каб многа гадоў назад ёй сказалі, что са сваімі ж дзецьмі і працаваць побач стане, не паверыла б. Але так і здарылася. Сёння яна падначаленая ў сваёй дачкі Таццяны, якая больш за 7 гадоў працуе брыгадзірам Езапоўскай фермы. Памочнікам брыгадзіра тут працуе дачка Марыя, ды і донечка Люба таксама на гэтай ферме – тэхработнік. Да выхаду на пенсію тут жа працаваў слесарам і муж Уладзімір Міхайлавіч.
На працы ўсе сямейныя адносіны адыходзяць на другі план – перш-наперш абавязкі. Астатнія дзеці праявілі сябе ў іншых галінах: напрыклад, два сыны ў лясгасах, дзве дачкі ў дэкрэтных водпусках.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *