Падніму застарэлую, але вельмі актуальную тэму: у Хойніках бясчынствуюць зграі бадзяжных сабак. І гэта факт!
У памяці майго тэлефона можна знайсці з дзясятак фатаграфій чарод сабак, якія вальготна шпацыруюць па вуліцах горада. Апошні з іх зроблены на гэтым тыдні, каля мясцовага хлебазавода.
Мы ехалі з вадзіцелем па рэдакцыйным заданні, калі зграя з 7 велічэзных, укормленых сабак акружыла машыну. Заўважыла як пародзістых, так і звычайных дварнякоў. Спалохалася? Так, і гэта пры тым, што сядзела ў аўтамабілі. Што казаць пра дзяцей, якія праходзілі б там? Страшна ўявіць магчымыя наступствы! Дарэчы, калі прыадчыніла акно, каб зрабіць фота, морда адной з сабак апынулася прама перада мной. Прадставілі яе памеры? Жах!
Я прывяла толькі адзін прыклад, але іх назбіраецца вялікая колькасць – шматлікія скаргі ў рэдакцыю раённай газеты, абмеркаванні і фотадоказы ў сацыяльных сетках. Відавочна, што структура, закліканая вырашаць гэту праблему, не тое каб бяздзейнічае, але працуе вельмі неэфектыўна.
Так, сітуацыя мае і маральны аспект. З аднаго боку, і чалавека трэба абараніць, з другога – чатырохногіх таксама шкада. Бо не іх віна, што апынуліся на вуліцы, а ў першую чаргу саміх людзей.
Але праблему мы не замоўчваем, і заклікаем вырашыць яе ў самы найбліжэйшы час. Прыміце меры!
Алена СМУСЯНОК.