Толькі я заходжу ў Велікаборскае аддзяленне паштовай сувязі, там мяне ўжо сустракаюць ветлівыя мясцовыя жыхары, літаральна з парога яны адзначаюць, што тут працуюць самыя лепшыя паштальёны.
Знаёмлюся з імі. Харошка Надзея Міхайлаўна і Россал Людміла Міхайлаўна людзі на поште не новыя – не першы год жанчыны разносяць карэспандэнцыю. Ведаюць на ўчастках кожнага, заўсёды парэкамендуюць падпісчыкам цікавы часопіс ці газету, загадзя даведаўшыся аб іх тэматычных перавагах.
Абслугоўваюць паштальёнкі дванаццаць вуліц, зімой адносяць прэсу пешшу, а летам возяць веласіпедам. Прызнаюцца, што сумка цяжкая бывае. Некаторыя жыхары просяць іх дастаўляць прадукты прама на дом. Гэта яшчэ адна паслуга ад паштальёнаў, за якую яны бяруцца з ахвотай. Асабліва такой выгаднай магчымасцю карыстаюцца пенсіянеры. Зручна ж атрымліваецца, не патрэбна лішні раз ісці ў магазін, асабліва калі здароўе не дазваляе самім выбірацца «ў людзі».
«Прыходзіцца ў нашай прафесіі быць і псіхолагамі, паразмаўляць любяць практычна ўсе, падзяліцца навінамі, або расказаць нешта асабістае. І тут мы не можам адмовіць у бяседзе, знаходзім падыход да велікаборцаў», – у размове дадаюць Н.М. Харошка і Л.М. Россал.
Аказваецца, да прыходу на пошту, Надзея працавала прадаўцом, а ў Людмілы гэта першае месца працы. Аднак, трапіўшы ў Велікаборскае АПС, шлях назад забылі, не прадстаўляюць сябе ўжо на другім месцы. Звыклі і падабаецца гэтая работа.
Вікторыя МАРОЗ. Фота аўтара.