Нельга забыць
22 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца журботная дата – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Ён нагадвае нам аб усіх загінуўшых у баях, закатаваных у фашысцкай няволі, памёршых у тыле ад голаду і нягод.
Гады «гаспадарання» нямецка-фашысцкіх захопнікаў на беларускай зямлі прынеслі незлічоныя страты і пакуты нашаму народу. Сотні тысяч беларусаў змагаліся з акупантамі на франтах і ў партызанскіх атрадах. Такім чынам, увесь беларускі народ на працягу бясконца доўгіх гадоў вайны жыў у экстрэмальных, стрэсавых умовах. У Беларусі лютаваў акупацыйны рэжым. Усюды ён быў такі жорсткі і бесчалавечны, якога яшчэ не ведаў наш народ, які многае перажыў за сваю шматвяковую гісторыю. Амаль кожная аб’ява ці загад акупацыйных улад заканчваліся пагрозай расстрэлу. Была ўведзена паўсямесная практыка браць ні ў чым не павінных людзей як заложнікаў і расстрэльваць іх альбо вешаць. За загінуўшага на тэрыторыі Беларусі нямецкага салдата забівалі 10 чалавек, за афіцэра – 30. За забойства партызанамі гаўляйтэра В. Кубэ гітлераўцы толькі ў Мінску пакаралі смерцю 3000 нявінных людзей. Уся тэрыторыя нашай рэспублікі пакрылася сеткай канцэнтрацыйных лагераў, у тым ліку пад Мінскам быў Трасцянецкі лагер смерці, у якім фашысты знішчылі 206500 чалавек.
Генацыд беларускага народа быў загадзя распрацаваны і мэтанакіраваны згодна з так званым генеральным планам «ОСТ». Па гэтаму плану меркавалася пакінуць для анямечвання і затым для выкарыстання 25% беларусаў, а 75% падлягала частковаму знішчэнню фізічна і часткова перасяленню на ўсход, у Сібір. Хоць гэты нялюдскі план трымаўся ў строгім сакрэце, яго выкарыстанне пачалося з першых дзён акупацыі, за час якой фашыстам удалося знішчыць амаль 1,5 млн. чалавек толькі мірнага насельніцтва Беларусі.
Па даных кнігі «Памяць. Хойніцкі раён» у нашым раёне больш за палову вёсак было спалена поўнасцю або часткова. Фашысты знішчылі 1954 мірных жыхароў, 5092 чалавекі загінулі на франтах, 195 – у партызанах і падполлі.
Вялікая Айчынная вайна была самым цяжкім выпрабаваннем, якое выпала на долю савецкага народа. І наш народ з гонарам вытрымаў яго. Свяшчэнны абавязак усіх нас, сёння жывучых, памятаць аб гэтым.
Шматлікія дзеці, унукі, праўнукі, не абыякавыя да гісторыі сваёй сям’і, цікавяцца лёсамі сваіх сваякоў. Аднак лёсы тысяч людзей так і засталіся нявысветленымі. Дагэтуль працягваюцца пошукі месцаў пахаванняў загінуўшых воінаў. З мэтай арганізацыі работы па ўвекавечванні памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны, Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі створаны абагульнены камп’ютарны банк даных, які ўтрымлівае інфармацыю аб воінах, загінуўшых і знікшых без весткак у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд (назва па-руску: ОБД Мемориал, www.obd-memorial.ru).
Галоўная мэта праекта – даць магчымасць мільёнам грамадзян высветліць лёс, або знайсці інфармацыю аб сваіх загінуўшых, або знікшых без вестак родных і блізкіх, вызначыць месцы іх пахавання.
На згаданым сайце вы можаце знайсці інфармацыю аб званні загінуўшага, часці, у якой ён служыў, даце і прычыне смерці (забіты, памёр ад ран, прапаў без вестак) і месцы пахавання. Больш таго, на сайце выкладзены адсканіраваныя копіі ўсіх апрацаваных дакументаў-першакрыніц, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб персаналіях. Гэтыя дакументы дазваляюць з вялікай дакладнасцю ідэнтыфікаваць загінуўшых, паколькі ў іх часта ўтрымліваецца дадатковая інфармацыя, у прыватнасці, імёны і адрасы сваякоў, якім адсылаліся пахаванкі.
Аўтаматызаваны банк данных «Мемарыял» з’яўляецца годным помнікам усім воінам, загінуўшым і знікшым без вестак пры абароне нашай Радзімы. Ён на практыцы рэалізуе вядомы лозунг «Ніхто не забыты, нішто не забыта».
У Беларусі таксама створаны аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці» і «Воінскія пахаванні Рэспублікі Беларусь», які з’яўляецца адной з форм увекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Аўматызаваны банк даных ствараўся на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 1994 г. № 231 «Аб паляпшэнні работы па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў у Рэспубліцы Беларусь». Аўтаматызаваны банк даных уключае ў сябе спісы імёнаў выхадцаў з Рэспублікі Беларусь, прызваных ваеннымі камісарыятамі рэспублікі і загінуўшых у час ваенных канфліктаў на тэрыторыі рэспублікі і за яе межамі, рэгістр воінскіх пахаванняў Рэспублікі Беларусь, а таксама спісы імёнаў вядомых людзей, пахаваных ва ўлічаных воінскіх пахаваннях.