У сераду і пятніцу – на гульнявую пляцоўку
«Сумаваць няма нам часу», – так пра сябе могуць сказаць наведвальнікі дзіцячых гурткоў цэнтра культуры г. Хойнікі.
Змястоўна адпачываюць рабяты ў сераду і пятніцу. Яны штотыднёва збіраюцца на гульнявой пляцоўцы, каб паўдзельнічаць у праграмах «Ура! Канікулы!», «Разам – цікава і весела!», у спартыўных эстафетах і рухомых гульнях, спаборніцтвах на спрыт і хуткасць (на здымку), у інтэлектуальных конкурсах.
Работнікі дзіцячай бібліятэкі знаёмяць дзяцей з навінкамі літаратуры, праводзяць экскурсіі па казках і дзіцячых гісторыях.
Да ўдзелу ў праводзімых мерапрыемствах далучаюцца дзеці і падлеткі, якія знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку.
Самы актыўны ўдзел прынялі яны ў тэатралізаваным свяце, прысвечаным Міжнароднаму дню абароны дзяцей, якое праходзіла на адкрытай пляцоўцы каля ўстановы культуры. Карагоды, вясёлыя гульні, знаёмства з казачнымі героямі, конкурс малюнка на асфальце, загадкі, віктарыны, песні – усё гэта арганізавалі для рабят кіраўнікі гурткоў.
Л. Краўчанка, мастацкі кіраўнік цэнтра культуры г. Хойнікі.