Час запускаць камбайны

Сельское хозяйство

Час запускаць камбайны



Адной з галоўных стала тая акалічнасць, што ў гэтым годзе ўсе работы будуць праводзіцца ў небывала сціснутым комплексе: ужо праз гадзіну пасля таго, як па хлебнай ніве прайшоў збожжаўборачны камбайн, па ржышчу павінен будзе прайсці прэс, каб падабраць і запрасаваць салому. А пасля яе неадкладнай вывазкі (менавіта неадкладнай, а не так, як гэта было раней, калі ўборка саломы зацягвалася на месяцы) на гэтыя плошчы выйдуць дыскатары, апрацаваная імі зямля павінна будзе справакаваць рост пустазелля і падаліцы ўбраных злакавых культур. Ужо потым яны ў якасці седэратыўнага ўгнаення будуць заараны для ўзбагачэння гумусу і стварэння ўрадлівага пласта глебы, на якой пройдзе азімая сяўба. З усяго гэтага выцякае простая выснова: сёння ўжо трэба рыхтаваць не толькі збожжаўборачныя камбайны, але і  ўсю глебаапрацоўчую тэхніку – прэсы, дыскатары, культыватары і інш.



Удзельнікі семінара – а гэта кіраўнікі, галоўныя аграномы і галоўныя інжынеры гаспадарак, пабывалі на мехдварах ААТ «Хойніцкі Аграсервіс», КСУП «Эксбаза «Стралічава», «Судкова» і «Аравічы». Прама скажам, што не ўсюды ўбачанае выклікала аптымізм. Не ўсе збожжаўборачныя камбайны гатовы да работы ў «Аграсервісе», яму ж таксама неабходна тэрмінова набыць яшчэ адзін прэс (пажадана – шыроказахопны), ёсць праблемы ў гэтым плане ў КСУП «Судкова», свае пытанні па падрыхтоўцы тэхнікі ўзніклі ў «Аравічах». І толькі ў эксбазе «Стралічава» на лінейку гатоўнасці пастаўлены амаль усе наяўныя камбайны, што і было прадэманстравана ўдзельнікам семінара.



Са станоўчага боку ў рабоце інжынернай службы эксбазы адзначаны дзве акалічнасці. Першая – усе камбайны ў мэтах пажарнай бяспекі на 100% забяспечаны каністрамі з вадой (такое зараз патрабаванне замест ранейшых скрынак з пяском) і спецыяльнымі лапаткамі для ачышчэння рабочых вузлоў і механізмаў камбайна ад намоткі – іх прадпісана выкарыстоўваць для таго, каб пазбегнуць траўм механізатараў.
Другая акалічнасць – сістэмнасць у расстаноўцы тэхнікі. Трактары кампактна сабраны ў адным месцы, прэсы –  у другім, трактарныя калёсы  – у трэцім, абаротныя плугі – у чацвёртым.Словам,  усе роднасныя агрэгаты і механізмы сабраны разам. Здавалася б, просты, эфектыўны для кантролю і зусім нескладаны для выканання прыём размяшчэння сельгастэхнікі, але і да сённяшняга дня ён дзейнічае толькі ў «Стралічаве» і ў КСУП імя Мележа. У астатніх жа гаспадарках і старшыні райвыканкама А.І. Цітку, і в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.В. Калыхану ледзьве не з дубцом у руках даводзіцца патрабаваць захавання гэтай схематычнасці.



Шмат папрокаў было выказана ў адрас кіраўніцтва КСУП «Веляцін». А.І. Ціток і А.В. Калыхан пабывалі там напярэдадні дня правядзення семінара. І вось што яны там пабачылі: нават не ўсе камбайны выведзены з ангараў, абедзенны перапынак рамонтнікаў і механізатараў доўжыцца каля дзвюх гадзін, а пасля 17.00 на веляцінскім мехдвары наогул не сустрэнеш ніводнай жывой душы.



Не дзіўна, што ў гаспадарцы да гэтага часу застаюцца «сіротамі» два камбайны, на якіх яшчэ не падабраны экіпажы механізатараў.  А ўсяго па раёну па стану на 20 чэрвеня з 58 збожжаўборачных камбайнаў на лінейку гатоўнасці былі пастаўлены 53.



Асобна на семінары было разгледжана пытанне падрыхтоўкі зернеачышчальнай і зернесушыльнай тэхнікі. Такая ўвага да гэтага пытання не выпадковая – гатоўнасць тэхнікі напрамую ўплывае на тэрміны ўборачнай. Напрыклад, толькі за кошт іх захавання на мінулым жніве раён дадаткова атрымаў 3 тысячы тон збожжа. А гэта – 4 з лішнім мільярды рублёў, цэлая месячная заработная плата ўсіх працуючых раёна. Таму пастаўлена жорсткая задача: у плане падрыхтоўкі тэхнікі зрабіць усё неабходнае для таго, каб правесці ўборку рапсу  за 10 дзён, а ўборку збожжавых – за 15-17. Іншага, як кажуць, не дадзена.



Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *