У бягучым годзе вырашана штомесяц падводзіць вынікі работы на кожнай з малочнатаварных ферм раёна, адзначаць лепшых, ушаноўваць іх падарункамі і добрымі словамі.
Тое, што раней лічылася сацыялістычным спаборніцтвам, сёння з’яўляецца рэспубліканскай акцыяй «Наш жывёлавод».
Прадстаўнікі прафсаюза, грамадскіх аб’яднанняў, маладзёжных арганізацый накіраваліся на гэтым тыдні ў калектывы з прыемнай місіяй. Так, напрыклад, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Н.М. Малаш наведала фермы КСУП «Судкова». «Людзі павінны ведаць, – адзначыла Наталля Мікалаеўна, – што іх штодзённая цяжкая праца не застаецца незаўважанай. Наша задача – прыйсці ў кожны калектыў, нягледзячы на паказчыкі, заахвоціць лепшых, і адначасова праверыць умовы працы і адпачынку, якія ствараюць у сельгаспрадпрыемствах для работнікаў».
Падчас такіх сустрэч работнікам даведзены расцэнкі, паказчыкі работы кожнага ў студзені і ў параўнанні з годам мінулым, адзначана, хто лідзіруе, хто пакуль не паказвае выдатных вынікаў. Адначасова ўзнімаліся і праблемныя пытанні: на Дварышчанскай МТФ неабходна знайсці магчымасць абсталяваць душ і туалет. Дзяліліся работнікі і асабістым: каму ваду неабходна правесці, каму дах адрамантаваць, пасадзейнічаць ва ўстаноўцы агароджы. Абмяркоўвалі прафесійныя пытанні: чаму не атрымліваецца дасягнуць значнага росту малака, дзе «шукаць» гатунак «экстра», ад чаго і ад каго залежыць вынік, дзе недапрацавалі спецыялісты, а дзе непасрэдна жывёлаводы.
Калектыў кожнай фермы атрымаў падарунак (вырашана ў першы раз адзначыць старанне ўсіх работнікаў) – чайны сервіз. Таксама кіраўніцтва паабяцала давезці яшчэ і электрачайнік на МТФ, каб і сагрэцца пад час адпачынку маглі работнікі, і парушэнняў электрабяспекі ніякіх не было (кіпяцільнікі лепш не выкарыстоўваць).
Тэкст і фота Вольгі БЕЛАШ.