В.А. Гардзейчык
На Звеняцкоўскай малочнатаварнай ферме КСУП «Веляцін» на сённяшні дзень працуюць усяго 9 чалавек – 3 аператары машыннага даення, столькі ж даглядчыкаў жывёлы, слесар па рамонту абсталявання (па штатнаму распісанню гэта – аператар механізаванага даення), рознарабочая і сам загадчык фермы – А.А. Філіпчанка.
Але, узгадаўшы народную мудрасць, пра гэты калектыў можна смела сказаць так: не колькасцю моцны ён у працы, а ўменнямі і працавітасцю сваіх людзей. Таму і аператыўныя паказчыкі працы гэтай МТФ набылі ўстойлівую тэндэнцыю да росту, як па валавай вытворчасці малака (107% да адпаведнага перыяду 2018 года), так і па надоях ад каровы (12,6 кг; +1,8 кг).
Як расказаў кіраўнік гэтага невялікага калектыву, зараз тут утрымліваецца 158 кароў (плюс цяляты), дойны статак складаюць 122 галавы жывёлы. Актыўнымі тэмпамі вядуцца расцёлы, з пачатку года на гэтай ферме іх атрымана ўжо 19. Для нованароджаных цялят тут абсталявана спецыяльнае памяшканне ў кароўніку – для таго, каб у цяпле яны маглі абсохнуць, здолець самастойна ўзняцца на ногі. І толькі потым іх пераводзяць у домікі на свежае паветра. Дарэчы, кожны домік клапатліва ахутаны блакітнай штучнай плёнкай для таго, каб малых не даймаў вецер і яны не хварэлі. Займаецца цялятамі сам загадчык фермы Аляксандр Анатольевіч Філіпчанка, на сённяшні дзень тут налічвалася 14 цялят ва ўзросце да 21 дня. І трэба сказаць, што выглядаюць яны на славу – дагледжаныя, чысценькія, здаровыя. Потым жа іх чакае разсартыраванне па астатніх фермах гаспадаркі.
В.І. Сачэк
Вельмі рана пачынаецца рабочы дзень. Ужо ў 4 гадзіны раніцы – першае за день даенне. Распарадак дня даглядчыкаў жывёлы складзены такім чынам, што адзін з іх (па чарзе) застаецца дзяжурыць на ноч замест вартаўніка. А раніцай, перад дойкай, ён жа раздае корм жывёле. Кармоў у гаспадарцы хапае, у рацыён, аснову якога складае пажыўны кукурузны сілас, дадаецца сянаж, сена, салома, канцэнтраты. Штодзённая ранішняя заяўка загадчыка фермы на кармы задавальняецца своечасова і ў поўным аб’ёме.
У 12 гадзін дня – абедзеннае даенне, а ў 20 гадзін – вячэрняе. Так што большую частку сутак жывёлаводы праводзяць на ферме.
– Гэта толькі спачатку здаецца цяжкім, – гаворыць Аляксандр Анатольевіч. –А потым – нічога, прывыкаеш і ўваходзіш у адзіны рабочы рытм. На работу мы ідзем амаль што разам, балазе, што і жывом на адной вуліцы. Усе адзін аднаго даўно ведаюць, таму і калектыў у нас дружны і арганізаваны. Толькі самыя цёплыя словы магу сказаць у адрас аператараў машыннага даення кароў Вольгі Іванаўны Сачэк, Васілія Антонавіча Гардзейчыка, Святланы Валянцінаўны Сачэк, даглядчыкаў жывёлы Міхаіла Уладзіміравіча Сенкевіча, Аляксандра Мікалаевіча Зайца, Уладзіміра Іванавіча Кардаша, аператара механізаванага даення Аляксандра Васільевіча Кананевіча, рознарабочай Ірыны Мікалаеўны Шумілавай. Без гучных слоў і пафасу кожны з іх сумленна выконвае свае прафесійныя абавязкі, пры неабходнасці абавязкова прыйдзе на дапамогу таварышам па рабоце, альбо зможа паўнавартасна замяніць яго. Так мы штодня жывем і працуем.
Расказ загадчыка фермы дапаўняюць словы намесніка начальніка па інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандра Пятровіча Махнаўца:
– Быццам бы і старая ферма – а сюды заўсёды прыемна зайсці, ці не праўда? А ўсё таму, што людзі тут працуюць і старанна, і сумленна. Якая аддача – такія і паказчыкі.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.