У мінулым годзе пасевы азімага рапсу на палях раёна займалі больш чым 4 тысячы гектараў.
Яго абмалочанае масланасенне гаспадаркі здавалі на перапрацоўчыя прадпрыемствы, а ў кошт разлікаў атрымлівалі рапсавы жмых – багатую на бялкі субстанцыю, якая ў якасці дабаўкі ўзбагачала рацыён кармлення жывёлы. Але пры гэтым нашы сельгасвытворцы ў пэўнай ступені залежалі ад перапрацоўшчыкаў рапсу ў сэнсе паставак жмыху. Ды і кан’юнктура рынку збыту рапсу значна змянілася за апошнія гады.
Таму ў гэтым годзе прынята рашэнне скараціць пасевы азімага рапсу, а вызваленыя ад яго плошчы адвялі пад люцэрну – шматгадовую кармавую культуру, таксама вельмі багатую на ўтрыманне бялку. Менавіта яна павінна замяніць рапсавы жмых у якасці бялковай дабаўкі ў рацыёне кармлення грамадскага пагалоўя жывёлы. Пры гэтым люцэрна мае і яшчэ шэраг выгадных пераваг: за адзін сезон з яе можна здымаць па 4-6 укосаў зялёнай масы, а на адным месцы яна расце не менш чым 6 гадоў. Акрамя таго, травяны сенаж з будучага года будуць закладваць не на аснове дзікарослых траў, а з яе самай – люцэрны, што намнога палепшыць яго пажыўныя якасці. Таму і адведзена сёлета пад гэтую культуру 2000 гектараў, а работы па яе сяўбе гаспадаркі раёна паспяхова завяршылі на мінулым тыдні.
*** *** ***
Другім этапам восеньскай пасяўной кампаніі стала сяўба азімага рапсу. Пад яго сёлета адведзена 2300 гектараў, з якіх па стану на 30 жніўня ўжо пасеяна 1686 га (73%). Стаіць задача завяршыць сяўбу гэтай культуры да 1 верасня. Першымі з ёй справіліся механізатары КСУП імя Мележа, якія ў аптымальныя тэрміны засеялі ўсе 300 гектараў. Блізкія да выканання гэтай задачы і астатнія гаспадаркі раёна.
*** *** ***
А там, не паспееш і перадыхнуць, як надыдзе час сеяць азімыя збожжавыя. У гэтым годзе на правядзенне кампаніі па сяўбе азімых збожжавых культур адведзены небывала кароткія тэрміны – з 5 па 10 верасня. Трэба сказаць, што і надвор’е спрыяе правядзенню работ – жнівеньскую спякоту змяніла прахалода, а доўгачаканы дожджык выдатна насыціў вільгаццю перасушаную зямліцу. Ды і халаднаватыя жнівеньскія ночы таксама спрыяюць засваенню вільгаці кінутым у зямлю насеннем.
Таму і вядзецца поўным ходам падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых збожжавых культур. На гэтых работах у асноўным задзейнічаны дыскатары, але на «цяжкіх» глебах у работу ўключаюцца і плугі. Плануецца, што пасевы азімых збожжавых культур у гэтым годзе зоймуць 12 тысяч га. Па стану на 30 жніўня да сяўбы ўжо падрыхтавана 1685 га. Таксама пад будучую сяўбу інтэнсіўна ўносяцца арганічныя ўгнаенні.
*** *** ***
Шырокім фронтам разгорнуты і работы па ўборцы кукурузы на зерне. Больш вільготнае, яно плюшчыцца і складзіруецца ў доўгія штучныя рукавы, дзе і будзе захоўвацца ў якасці корму для жывёлы. А сухое зерне кукурузы папаўняе збожжавы вал гаспадарак і рэалізуецца на Калінкавіцкі, Рэчыцкі камбінаты хлебапрадуктаў, Мазырскі завод «Этанол», Гомельскі лікёра-гарэлачны завод.
*** *** ***
Ударнымі тэмпамі ўбіраецца і кукуруза на сілас. У гаспадарках раёна ўжо закладзена 53831тона кукурузнага сіласу. Кармавы баланс у цэлым па раёну складае 14,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, у мінулым годзе гэты паказчык складаў толькі 4,81 ц к.а., розніца – амаль у тры разы!
Адным словам, наступленне вядзецца па ўсіх напрамках нялёгкай земляробскай дзейнасці.
Віктар НАЗАРАНКА.