У свой дзень нараджэння, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, Хойнікі сапраўды свяціліся: ад шчырых усмешак і шчаслівых вачэй.
Значнай падзеяй для сям’і Мікалая і Святланы Жыгар стала ўрачыстая рэгістрацыя нараджэння іх сына Мацвея, якую правяла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Т.А. Дземідзенка. Пад апладысменты гледачоў шчаслівай сямейнай пары ўручылі пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і каштоўны падарунак.
Асобны і сапраўды заварожваючы фрагмент мерапрыемства – выпуск у неба пад гукі гімна Хойнікшчыны беласнежных галубоў і вялікай колькасці рознакаляровых шароў. Гэта трэба было бачыць…
Старая частка горада ператварылася ў той дзень у своеасаблівы «Арбат». Ад яркасці фарбаў выставак, якія разгарнуліся ў гарадскім парку, разбягаліся вочы. Людзі, якія жадалі пакінуць успамін аб цудоўнай падзеі, не адыходзілі ад сувенірных лавак, іншыя – дэгуставалі смачнасці, палаткі з якімі заваблівалі прыемным пахам. Не было межаў радасці маленькіх хайнічан, якія літаральна «прыліпалі» да дзіцячых атракцыёнаў. А, бадай, адным з самых наведваемых месцаў стаў доўгі рад сельскіх падворкаў. У сядзібах рыбака, пчаляра, пекара, майстрыхі-рукадзельніцы, кветкавода і інш., аформленых з багатай фантазіяй, можна было пачаставаць традыцыйныя стравы беларускай кухні, паглядзець арыгінальныя прадстаўленні, ды пасмяяцца ад душы з жартаў-прымавак іх гаспадароў. Але гэта была не проста выстаўка, а конкурс, перамогу ў якім сваёй крэатыўнасцю атрымаў Паселіцкі сельскі Савет.
Арганізатары свята не давалі гасцям засумаваць ні на хвіліну. Ланцужок феерычных выступленняў цягнуўся ад раніцы да позняга вечара – гэта і канцэрт духавога аркестра горада Гомеля, і бліскучыя выхады на сцэну танцавальных калектываў раёна, настаўнікаў і вучняў дзіцячай школы мастацтваў, і выдатныя нумары хойніцкіх шансанье.
Вялікі інтарэс у моладзі выклікала раённае спаборніцтва па пейнтболу – удзел у ім прынялі больш за 50 чалавек. Адрэналінавыя «ваенныя бітвы» доўжыліся цэлых пяць гадзін. А яшчэ для аматараў актыўнага адпачынку была прадугледжана насычаная спартыўная праграма на гарадскім стадыёне.
Відовішчным атрымалася і мота-шоу. Прадстаўленні матацыклістаў з розных куткоў нашай вобласці захоплівалі. Да таго ж, гаспадары жалезных коней з задавальненнем пракацілі, як кажуць з ветрыкам, усіх жадаючых.
Як і летась, у хайнічан была цудоўная магчымасць убачыць родны горад з вышыні птушынага палёту: на працягу дня здзяйсняліся аглядныя экскурсіі на верталёце.
Ганаровай госцяй свята стала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева. Разам з удзельнікамі тэлевізійнага праекта АНТ «Акадэмія талентаў» спявачка «запаліла» хойніцкую публіку.
Святочнай кропкай стаў пышны салют, які, уздымаючыся ў нябёсы, сімвалізаваў наш агульны гонар, любоў і павагу да роднага горада.
Наталля ЧЭКАН.