Пойдзеце на майстар-клас ад Мікалая Мікітавіча Цыганкова?

Культура

У раённым краязнаўчым музеі адбылася сустрэча, прымеркаваная да 80-годдзя нашага таленавітага вышывальшчыка Мікалая Мікітавіча Цыганкова, які мае ўзнагароды «За асваенне цалінных зямель», «За доблесную працу».

У якасці пачэсных гасцей на мерапрыемства былі запрошаны яго сын Васілій і ўнучка Таццяна, якія падзяліліся з гледачамі ў зале цікавымі звесткамі пра юбіляра, расказалі і пра свае хоббі.

Калекцыя М.М. Цыганкова налічвае дзясяткі карцін. Здзіўляюць яны не толькі глыбінёй выканання, але і масштабамі. Каляровыя палотны не менш чым метр у даўжыню, ўпрыгожваюць дамы яго блізкіх, знаёмых. Дарэчы, пятнаццаць шыкоўных карцін Мікалай Мікітавіч падарыў раённаму краязнаўчаму музею.

Упершыню вышывальшчык узяўся за іглу ў 21 год, такім чынам вырашыў зрабіць сюрпрыз жонцы Галіне на дзень нараджэння і перанёс некалькі сюжэтаў карцін на тканіну. З тых пор Мікалай Мікітавіч і не пакідае гэта цудоўнае захапленне.

Мікалай Мікітавіч падзяліўся планамі на будучае: марыць вышыць работу «Тры волаты». Што ж, упэўнена, што ў яго ўсё атрымаецца. А ў бліжэйшы час у музеі адбудзецца майстар-клас, дзе юбіляр дасць некалькі ўрокаў вышывання юным аматарам творчасці.

У канцы мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.У. Ешчанка падарыла на памяць М.М. Цыганкову буклет з фотаздымкамі яго карцін.

Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *