Любоў да кветак – па спадчыне

Людзі і лёсы

Дом № 5 па вуліцы Жыляка ў нашым райцэнтры – адзін з лепшых па добраўпарадкаванню прылягаючай тэрыторыі. Яшчэ большую каштоўнасць ён набывае таму, што прыгажосць наводзіцца рукамі  бацькі і сына Бандарэнкаў. Яны жывуць тут удвух, у тэме навядзення чысціні  і парадку абодва старанныя і працавітыя.



Тэрыторыя, прылягаючая да домаўладання, радуе дагледжанасцю, вольным прасторам, а саміх гаспадароў вызначае жаданне мець прыгожы і квітнеючы падворак. Вось  чаму ад ранняй вясны і да позняй восені ён патанае ў кветках: тут суседнічаюць рознакаляровыя астры і геаргіны, шырокалісцёвыя каны і  статныя цыніі, разгалістыя ўюнкі і багатыя бархатцы…
– Кветкі – гэта вотчына майго сына, – гаворыць гаспадар Генадзій Пятровіч, рабочы КЖУП «Хойніцкі камунальнік». – Уладзіслаў, які вучыцца ў дзесятым класе СШ № 2, да працы  прывучаны з дзяцінства. А любоў да кветак  перадалася, напэўна, па спадчыне: мне – ад маці, ад мяне – да сына. Уладзіслаў ніколі не пройдзе міма латкоў, якія гандлююць насеннем кветак, хаця і сваё штогод восенню адкладваецца на будучы сезон.
Належны парадак і ў самім доме Бандарэнкаў, у які вядзе акуратная бетанаваная дарожка. А яшчэ бацька і сын – заўзятыя агароднікі, вызначаюцца садаводчым талентам. Сёлета вырасцілі багаты ўраджай агуркоў, памідораў, перцаў, кавуноў. Удосталь пачаставаліся вітаміннай прадукцыяй і на зіму закансервавалі.
 Бацька і сын Бандарэнкі на дасягнутым у добраў-парадкаванні спыняцца не збіраюцца і працягваюць актыўна працаваць над  упрыгажэннем свайго дома і падворка. Ідэі і задумкі для гэтага ў іх ёсць.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *