Усё ж такі не дарэмна старажытныя мудрацы называлі каханне адной з галоўных рухаючых сіл, кіруючых нашым светам.
Бо калі б не было гэтага пачуцця, то, магчыма, дзяўчына з Вялікага Бору Соф’я Іванюценка паехала б у горад, як гэта зрабілі яе многія аднакласнікі. Але прыйшоўшы пасля васьмігодкі вучыцца ў Партызанскую школу, пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Мікалаем. У школе сябравалі, пасля вучобы хутка ажаніліся. Муж асвоіў спецыяльнасць трактарыста, а жонка вучылася на повара ў прафтэхвучылішчы. Але па гэтай спецыяльнасці працавала не доўга, а паступіла на завочнае аддзяленне Рэчыцкага сельскагаспадарчага тэх-нікума, у той час у сям’і нарадзілася старэйшая дачка Наташа.
Пасля атрымання дыплома з кваліфікацыяй «заатэхнік» Соф’я Аркадзьеўна практыку спасцігала ў калгасе «Шлях да каммунізму» (зараз КСУП «Велікаборскі») і нязменна працуе тут спецыялістам сярэдняга звяна вось ужо 35 гадоў: спачатку брыгадзірам на былой ферме, заатэхнікам на комплексе, а ў 2002 годзе яе прызначылі загадчыцай Велікаборскай малочнатаварнай фермы. За гэты час ёй удалося стварыць адзіны цэласны калектыў, у якім прынята працаваць бездакорна, на сумленне. Эфект у такім выпадку будзе заўжды. Старанні не засталіся незаўважнымі: Соф’я Аркадзьеўна прызнана пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва па выніках работы ў 2012 годзе.
Але нягледзячы на дастаткова высокую ацэнку сваёй працы, загадчыца фермы лічыць, што гэта – суквецце маленькіх перамог тых, хто не адзін год працуе ў калектыве. І ў першую чаргу, Соф’я Аркадзьеўна адзначае вялікі ўклад сваёй калегі, галоўнага заатэхніка КСУП «Велікаборскі» Жанны Аляксандраўны Іванюценка, якая таксама выйшла ў лік пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва.
Зараз дойны статак на ферме налічвае 374 галавы, ёсць яшчэ цяляты, якія ўтрымліваюцца тут да трохмесячнага ўзросту. У страі гэтага калектыву (па большай частцы жаночага) людзі, дастойныя ўвагі. Яны не адзін год плячом к плячу мацуюць родную гаспадарку. Сярод аператараў машыннага даення Соф’я Аркадзьеўна асабліва вылучае Валянціну Уладзіміраўну Шлёг і Анатолія Анатольевіча Сачанку, мужчына-дояр старанна працуе на раздоі кароў, дабіваецца добрых паказчыкаў і Святлана Адамаўна Сарокіна, якая даглядае цялят ад 0 да 21 дня.
Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе цялят на вырошчванні цяпер складаюць 700 грамаў, сярэдні надой ад каровы па ферме цяпер 8,3 кг, што на 800 грамаў вышэй аналагічнага мінулагодняга паказчыка.
У жывёлагадоўлі Соф’я Аркадзьеўна Іванюценка адчувае сваю запатрабаванасць – што можа быць больш важным у прафесіі? Будучы на заслужаным адпачынку, працягвае працаваць. Лічыць, што работа павышае жыццёвы тонус, ды і прыбаўка да пенсіі не лішняя ў сямейным бюджэце.
Сям’я ў Соф’і Аркадзьеўны выдатная, яна клапатлівая жонка і маці, як сваіх, шанавала і бацькоў мужа. З Мікалаем Васільевічам, які ўсё жыццё да выхаду на пенсію працаваў трактарыстам, вырасцілі трох дзяцей: дочкі Наташа і Марына стварылі свае сем’і, падарылі бацькам чацвёра ўнукаў – двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Малодшы сын Мікалай па прыкладу бацькоў вырашыў звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай: закончыў Рэчыцкі аграрны каледж, а зараз працягвае навучанне ў Рэчыцкім філіяле Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Напэўна, ад такога вось душэўнага клопату аб сваёй сям’і, родных і блізкіх і асаблівай адказнасці за іх бярэ пачатак адказнасць за справу, якой Соф’я Аркадзьеўна чэсна і самааддана служыць.
Клаўдзія БОСАК.