Хлебаробы дарагія,вашы рукі залатыя!

Сельское хозяйство


Толькі ўявіце! Каля 300 рэканструяваных і адрамантаваных аб’ектаў, на падрыхтоўку якіх было затрачана больш за трыльён рублёў. Каля 7 кіламетраў гандлёвых радоў, больш за 400 павільёнаў і вулічных кафэ на 8,5 тысячы месцаў. Амаль 300  абслуговых гандлёвых арганізацый з усёй краіны. Больш за 2 тысячы прафесійных і самадзейных артыстаў, задзейнічаных у культурнай праграме. Прыблізна 120 тысяч гасцей. Больш за сотню журналістаў.



Каравай вагой 200 кг і вышынёй 2 метры, які стаў галоўным сімвалам свята. 900 маленькіх дранікаў, выкладзеных у круг дыяметрам 1,8 метра, якія гасцямі былі з’едзены за 11 мінут…
Гэтыя ашаламляльныя лічбы – яскравае сведчанне небывалага размаху сёлетніх рэспубліканскіх «Дажынак», якія прайшлі ў Жлобіне. Галоўнае сялянскае свята года грымела ў абноўленым горадзе беларускіх металургаў 27-28 верасня, ператварыўшы яго ў вялізную арэну масавых гулянняў.



Цэнтральнымі падзеямі першага «дажыначнага» дня сталі відовішчнае святочнае шэсце і цырымонія ўручэння другіх, трэціх прэмій пераможцам на ўборцы ўраджаю – героям нашага часу, якія сваімі мазолістымі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабываюць беларускае золата, імя якому – хлеб. Сярод узнагароджаных былі і нашы землякі – Яўгеній Коўшун і Барыс Кузьменка. Кветкі, ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 5 мільёнаў рублёў хайнічане атрымалі з рук міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Л.К. Зайца. Пасля ўрачыстага ўшаноўвання для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу быў дадзены святочны канцэрт з удзелам калектываў Гомельскай вобласці, майстроў мастацтваў Беларусі і замежных артыстаў. 
У другім святочным дні прыняў удзел кіраўнік краіны А.Р. Лукашэнка. Па традыцыі Аляксандр Рыгоравіч узнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі першыя месцы. 12 аўтамабіляў дасталіся самым лепшым хлебаробам краіны. Іншыя атрымалі матэрыяльныя заахвочванні.



Усё тое, што адбывалася пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства, нават словамі цяжка перадаць. Вочы проста разбягаліся. Тут і выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі, дзе былі прадстаўлены навейшыя ўзоры беларускіх камбайнаў, трактараў і іншых сельгасмашын. І доўгі ажыўлены рад стылізаваных падворкаў раёнаў Гомельскай вобласці, якія заваблівалі гучнымі песнямі і смачнымі пахамі. Бульбяная, кукурузная, рыбная, паляўнічая, пяльменная сядзібы… ды і наш, хойніцкі, сырны двор.
Можна было ўбачыць цыркавую праграму заслужаных і аматарскіх калектываў Беларусі, Расіі, Украіны, паказальныя выступленні акрабатаў, гімнастаў, каратыстаў, групы спецназу, спартыўных танцораў і тайландскіх баксёраў. Пабываць на свяце піва, рок-фестывалі, шоу мыльных бурбалак, фэсце мастацтва графіці, спаборніцтвах па міні-гольфу і футбольнаму фрыстайлінгу. Набыць сувенір ці паспрабаваць беларускія смачнасці. Пабываць на канцэрце народнай артысткі Украіны Таісіі Павалій, паслухаць выступленні групы «Беларусы» і «Тяни-Толкай», Аляксандра Ціхановіча і Ядзвігі Паплаўскай, Алёны Ланской, Жанет і іншых вя домых беларускіх выканаўцаў.  Пералічваць можна, здаецца, да бясконцасці. Калі коратка, – было прыгожа, цікава, весела і запамінальна!



Дарэчы, усе раёны нашай вобласці дапамагалі рыхтаваць свята, у тым ліку і  хайнічане. На «Дажынках» выступалі нашы самадзейныя артысты і танцавальныя калектывы, шпарка гандлявалі палаткі райспажыўтаварыства і фабрыкі мастацкіх вырабаў, арганізоўвалі выстаўкі прафесійны ліцэй і ПВУ «Малочныя прадукты» і інш.


Сярод «дажыначных» падарункаў гораду Жлобіну – новая 9-павярховая гасцініца «Дняпроўская жамчужына» на 114 месцаў, універсальны спартыўны цэнтр, новы парк Прыдняпроўскі. Кардынальна змянілі знешні выгляд Палац культуры, фантан каля яго і бульвар Металургаў, кінатэатр «Радзіма», гісторыка-краязнаўчы музей, чыгуначны і аўтавакзал. Да таго ж, завяршылася электрыфікацыя магістралі на ўчастку Асіповічы – Жлобін, што дае магчымасць жыхарам райцэнтра хутка і зручна дабірацца ў Мінск.
Галоўныя пабудаваныя і абноўленыя аб’екты наведаў Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка з губернатарам вобласці У.А. Дворнікам.


Дажынкі» праходзяць у Беларусі штогод з 1996 года па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі. Традыцыйна свята праводзіцца ў раённых цэнтрах краіны. Яго сталіцамі былі Столін (1996), Масты (1997), Нясвіж (1998), 1999 стаў  адзіным годам, калі свята адмянілі з-за рэкордна нізкага ўраджаю, Шклоў (2000), Мазыр (2001), Полацк (2002), Пружаны (2003), Ваўкавыск (2004), Слуцк (2005), Бабруйск (2006), Рэчыца (2007), Орша (2008), Кобрын (2009), Ліда (2010), Маладзечна (2011), Горкі (2012).
Сёлета сталіцай свята стаў Жлобін, а ў НАСТУПНЫМ ГОДЗЕ РЭСПУБЛІКАНСКІ ФЕСТЫВАЛЬ-КІРМАШ ПРОЙДЗЕ Ў ГАРАДКУ – невялікім райцэнтры ў 40 км ад Віцебска.


Самы вялікі ўраджай на рахунку Мінскай вобласці – амаль 1,7 мільёна тон збожжа. Лепшай па ўраджайнасці стала Гродзеншчына. А бясспрэчны лідар па колькасці пераможцаў – Брэстчына. Сярод раёнаў у лідарах Баранавіцкі, Віцебскі, Буда-Кашалёўскі і Магілёўскі. Самай высокай ураджайнасці дасягнулі ў СПК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна – 85 цэнтнераў з гектара.


Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *