Не першы год у час летніх канікул ва ўстановах адукацыі нашага раёна працуюць аздараўленчыя лагеры дзённага знаходжання вучняў. Сёлета яны адчыняць свае дзверы 1 чэрвеня, а закончыцца змена 26-га.
Як і раней, аддзелам адукацыі райвыканкома, школьнымі калектывамі праведзена вялікая растлумачальная работа з бацькамі вучняў 1-11 класаў. Дзеля гэтага шырока выкарыстоўваліся сродкі нагляднай агітацыі: вывешаны аб’явы ва ўсіх людных месцах райцэнтра і на прадпрыемствах, дзе працуюць бацькі школьнікаў. Гэта дало добры плён – пры выдзеленай упраўленнем адукацыі аблвыканкома квоце ў 360 вучняў лагеры дзённага знаходжання прымуць каля 400 чалавек.
Праца лагераў арганізоўваецца ў 12 установах адукацыі раёна. Дзеці тут будуць знаходзіцца штодзённа, акрамя выхадных, з 9 да 16 гадзін.
Кожная школа распрацавала і прадставіла ў аддзел адукацыі план мерапрыемстваў, якія будуць выкананы ў час працы лагераў. Гэта паходы і экскурсіі, заняткі ў камп’ютэрных класах, правядзенне самых разнастайных спартыўных спаборніцтваў. Але самае галоўнае тое, што дзеці знаходзяцца пад наглядам педагогаў і выхавальнікаў.
Утрыманне дзяцей у лагерах бясплатнае, сродкі для гэтага выдзелены ўпраўленнем адукацыі аблвыканкома. Сума аднаго ложка-дня складае 6110 рублёў, прадугледжана двухразовае гарачае харчаванне дзяцей.
Р. КАЖАМЯКІНА, загадчыца метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкома.