У гарачы сезон механізатары літаральна днююць і начуюць у полі, адданай працай заслугоўваючы гонар і пашану. Аднак варта не забывацца і пра тых, хто забяспечвае паспяховасць нялёгкай хлебаробскай працы, з’яўляючыся, калі так можна сказаць, байцамі нябачнага фронту. Маю на ўвазе работнікаў сталовых, якія сытна кормяць нашых аграрыяў, песцячы іх рознымі смачнасцямі.
Работай сталовай былі задаволены не толькі спецыялісты санстанцыі, але, безумоўна, і судкаўчане. Яны адзначаюць, што меню тут заўсёды разнастайнае, прадукты свежыя. І, галоўнае, усё вельмі смачна. Заслуга ў гэтым дружнага калектыву, які ўзначальвае Аляксандр Сяргеевіч Курошка. Малады загадчык увішна гаспадарыць на кухні, складае меню, спраўляецца з іншымі справамі адміністратара, свеціцца шчасцем і дзеліцца ім з усімі, хто сюды заходзіць.
Дарэчы, завітаць у сталовую, якая вабіць прыемнымі пахамі, могуць не толькі работнікі гаспадаркі, але і ўсе жадаючыя. Утульная зала разлічана на 30 наведвальнікаў. Добра паабедаць тут можна з 12.00 да 14.00 і, што важна, за прымальную суму – ад 10 да 25 тысяч рублёў. Стравы сапраўды заслугоўваюць вялікай пахвалы. Катлеты сакавітыя, гуляш выдатны, рыба – смаката… А беляшы якія (імі Судкова заўсёды славілася!)… Ведаеце, чаму тут усё такое смачнае? Бо гатуецца з душой. Стараюцца жанчыны, «чаруюць» над каструлямі ды патэльнямі, каб кожная страва прыйшлася людзям да спадобы.
У сталовай пастаянна праводзіцца бракераж прыгатаванай ежы. Прасцей кажучы, загадчык перад падачай абавязкова спрабуе і ацэньвае кожную страву. Наогул выкананню ўсіх санітарных норм тут надаецца вялікая ўвага.
Механізатараў кормяць двойчы – абедам і вячэрай. Ажыццяўляюць вываз страў у поле. Колькасць людзей, якіх трэба накарміць у так называемы летні час пік, дасягае 300 чалавек! Сёлета сталовая абслугоўвала адразу два сельгаспрадпрыемствы: сваё, судкоўскае, і эксперыментальную базу «Стралічава». Стравы са сталовай на палявыя станы вазілі дзювума машынамі. Для механізатараў, дарэчы, прадугледжвалася падвойная порцыя.
Усё-такі нездарма нас называюць «бульбашамі»: вялікім попытам заўсёды карыстаецца бульба, прычым ва ўсіх яе выглядах. Часта ўмелыя повары радуюць працаўнікоў рознай выпечкай. За смачныя абеды і вячэры механізатары ім вельмі ўдзячны, маўляў, добра паеўшы – і праца спорыцца.
Але толькі прыгатаваннем і раздачай ежы праца работнікаў сталовай не абмяжоўваецца. Яшчэ ж і мыццё посуду, і пастаянная ўборка памяшканняў. А гэтай зімой плануюць пачаць гатаваць паўфабрыкаты: галубцы круціць, пельмені ляпіць… і прадаваць іх праз буфет у сталовай.
Аляксандр Сяргеевіч адзначае, што стараннасці работніцам сталовай не займаць, ён імі цалкам задаволены: выдатна гатуюць стравы, абслугоўваюць наведвальнікаў. А самае прыемнае, што ўсе яны закончылі наш Хойніцкі прафесійны ліцэй, так сказаць, дамарослыя кадры. Работніцы ў сваю чаргу зазначаюць, што вельмі задаволены сваёй прафесіяй і месцам працы. А калі ў калектыве ёсць узаемаразуменне, усіх аб’ядноўвае адзінае жаданне працаваць і кожны выкладаецца на ўсе сто працэнтаў – гэта і ёсць ідэальны рэцэпт выніковай работы.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.