Старшыня Алексіцкага сельвыканкама А.С. Севярынец сумесна з дэпутатамі райсавета і прадстаўнікамі служб жыццезабеспячэння сустрэлася з насельніцтвам н.п. Алексічы і Каранёўка.
Дарэчы, такія сустрэчы будуць праходзіць на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў. Таму, калі ў вас ёсць пытанні, звяртайцеся.
Узніклі пытанні ў жыхароў Алексіч да начальніка ЖЭУ КЖУП «Хойніцкі камунальнік» С.У. Несцярэнкі. Так, яны ўжо трэці месяц заклапочаны праблемай: калі ж з’явіцца вада ў калонцы? Дагаворы на воду з «Камунальнікам» яны заключылі. Атрымліваецца: ўсё афіцыйна, а вады ўсё роўна няма. Цяпер ім няма камфортных умоў каб пасціраць, ды і элементарна папіць чыстай вады. Раней вада ішла з перабоямі, а зараз увогуле адсутнічае. Добра, што адзін рабочы калодзеж застаўся – таму жыхары вымушаны піць ваду, якая ёсць. Хоць вада там брудная і па паказчыках санстанцыі не прыгодная для ўжывання. Але ж другога выхаду яны не бачаць. Не ездзіць жа ў суседнюю вёску за вадою. Смешна, 21 стагоддзе як-ніяк. Сяргей Уладзіміравіч паабяцаў, што праблема хутка будзе вырашана, і вада ў калонцы з’явіцца.
Яшчэ жыхары н.п. Алексічы скардзіліся старшыні сельвыканкама Анастасіі Сяргееўне на недастатковы асартымент прадуктаў аўтамагазіна «Еўраопт». Адзначаюць, што да Алексіч ён даязджае амаль пусты. Прасілі звярнуўшыяся, каб або тавараў стала больш, або змянілі маршрут магазіна – пачыналі з Алексіч (бо прадукты разбіраюць жыхары другіх вёсак).
Хоць Каранёўка вёска невялічкая, але ж і тут без праблем не абыйшлося. Пенсіянерцы ўжо год не прывозяць газавыя балоны. Пытанне накіравана на вырашэнне ў Хойніцкі раён газазабеспячэння.
Вікторыя МАРОЗ. Фота аўтара.