Паклікала веснавое поле

Сельское хозяйство

Гаспадаркі раёна актыўна пачалі масавую яравую сяўбу. З кожным днём павялічваюцца плошчы засеяных раннімі зерневымі культурамі гектараў.

Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве КСУП «Эксперыментальная база «Стралічава» першымі да сяўбы аўсу 20 сакавіка прыступілі ў аддзяленні «Вялікі Бор». А назаўтра сеялкі выйшлі і на астатнія землі гаспадаркі.

Расказвае в.а. галоўнага агранома КСУП «Стралічава» В.П. Ярац:
– Фактычна падрыхтоўку глебы да яравой сяўбы мы пачалі ўжо ў канцы лютага. Як толькі больш-менш падсохла глеба, у поле адразу вышлі дыскатары, а потым, улічваючы бясснежную зіму, пачалі і закрыццё вільгаці. Раннім тэрмінам пачатку падрыхтоўкі глебы паспрыяў і якасны, своечасовы рамонт і падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ, гэта заслуга інжынернай службы на чале з галоўным інжынерам гаспадаркі У.У. Сідарком.

Усяго ў гэтым годзе плануем пасеяць 1300 гектараў яравых збожжавых культур (700 га – аўсу і 600 га – ячменю), а таксама 3100 гектараў кукурузы – на 350 га болей, чым летась. Сеяць будзем сваім, падрыхтаваным і даведзеным да неабходных пасяўных кандыцый насеннем. І хаця сваім насенным матэрыялам мы забяспечаны на 100 %, для абнаўлення рэпрадукцый набылі 8 тон насення эліты. Уносім арганіку і мінеральныя тукі.

Падрыхтоўкай глебы займаліся і тыя механізатары, якія будуць і сеяць. У першую чаргу гэта – Ю.В. Шрамко і У.М. Сівак, А.А. Каранда і А.І. Кузьменка.
А зараз на сеялках АПП-6Д з энерганасычанымі трактарамі МТЗ-3022 сяўбу вядуць Юрый Вячаслававіч Шрамко і Уладзімір Мікалаевіч Сівак. У хуткім часе плануем дадаткова ўключыць у работу сеялкі СПУ-6 і АПП-6М.

Добра перазімавалі пасевы азімых збожжавых культур і азімы рапс. Зараз вядзем іх падкормку азотнымі і фосфарнымі ўгнаеннямі. На гэтых работах у нас заняты А.М. Койдан, У.А. Харошка, У.М. Савянок, І.У. Кашперка. Задзейнічана і РОСА, на якой працуе Ю.Ф. Капытаў.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА. Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *