У жывой прыродзе пастаянна адбываецца стыхійная рэгуляцыя колькасці папуляцый таго або іншага віду, і калі яна парушаецца, то павінен умяшацца чалавек. Думаецца, што прычыны для такога ўмяшальніцтва ўзніклі зараз і ў нашым раёне. Размова ідзе аб неабмежаваным росце пагалоўя дзікоў, якія сталі сапраўднай пагрозай для ўгоддзяў сельгаспрадпрыемстваў. Статкі дзікоў знішчаюць не толькі кармавыя, але і злакавыя пасевы.
Напрыклад, на мінулым тыдні гэтымі “жывымі экскаватарамі” былі перакапаны амаль 20 гектараў буртполя ў КУП “Аравічы”, а ўдзельнікі апошняга раённага семінара па кормавытворчасці 23 мая ўласнымі вачыма пабачылі сапраўдныя траншэі, якія дзікі пакінулі пасля свайго набегу на пасевы азімых у эксбазе “Стралічава”.
Калі так пойдзе і далей, то страты сельгаспрадпрыемстваў ад дзічынага гаспадарання пачнуць расці ў геаметрычнай прагрэсіі. Таму кіраўніцтвам раёна загадана ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” і раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў прыняць усе меры па прадухіленню патраў пасеваў сельгаскультур ляснымі шкоднікамі.
Аднак гэта не азначае пачатак бескантрольнага палявання на дзікоў, іх адстрэл павінен весціся толькі па ўзгадненню з названымі арганізацыямі і на падставе атрыманых ліцэнзій.
Віктар НАЗАРАНКА.