Першакласны трактарыст

Сельское хозяйство

У Дубровіцкім лясніцтве ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» працуе два гады адзін з вопытнейшых трактарыстаў раёна А.І. Савянок. Сёлета яму прысвоена ганаровае званне «Лепшы па прафесіі» з занясеннем на раённую Дошку гонару. Калегі  па нялёгкай працы ў адзін голас пацвярджаюць: «Аляксандр Іванавіч дастойны такой высокай ацэнкі!». А маладзейшыя работнікі падхопліваюць: «Да яго  заўсёды можна звярнуцца за дапамогай, ён дае слушныя парады».



Самадысцыпліну і павагу да выбранай справы ў А.Савянка сфарміравалі армейская служба і доўгія працоўныя гады, ён, як ніхто іншы, ведае: для таго каб стаць добрым майстрам, калі і трэба прайсці ўніверсітэты, то толькі жыццёвыя.



Механізатарскую навуку выпускнік Глінішчанскай сярэдняй школы спасцігаў будучы работнікам былога прадпрыемства «Васілевічы-3» у ходзе кароткатэрміновых курсаў.  Упершыню самастойна сеў за руль трактара ў 1969 годзе ў калгасе «Ленінскі шлях», дзе працаваў да 1985 года. Потым, калі сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў райцэнтр, з 1999 года звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай. Працуючы ў Хойніцкім леспрамгасе ЗАТ «Мазырлес», зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Адсюль і пайшоў на заслужаны адпачынак. Але работу не пакінуў, і калі паступіла прапанова наконт працы ў лясгасе, прыняў яе. Чаму?
– Чалавек малады і стары ў залежнасці ад таго, якім ён сябе адчувае, – зазначае трактарыст першага класа. – Я лічу, хто спяшаецца быць пажылым, той жыць не ўмее. Для мяне жыць – значыць працаваць: сама работа павышае жыццёвы тонус, не працуючы, больш стамляешся.



 У Дубровіцкім  лясніцтве Аляксандру Іванавічу даверылі новую тэхніку – трактар з маніпулятарам, прызначаным для пагрузкі і адвозкі драўніны.
– Сучасная тэхніка многае значыць у прадукцыйнасці працы, – зазначае выконваючая абавязкі ляснічага лясніцтва Ірына Міхайлаўна Козыр. – Але ж вопыт, добрасумленныя адносіны да даручанай справы адыгрываюць немалаважную ролю. Аляксандр Іванавіч з дзялянак на склад перавозіць штомесячна ў сярэднім па 900 кубаметраў драўніны – такога рубяжу не кожны маладзейшы  працаўнік можа дасягнуць. Да таго ж, наш перадавік шчыры ў сваёй справе, працуе, як кажуць, з душой.
Нягледзячы на занятасць на рабоце, Аляксандр Іванавіч  дома – добры гаспадар і сем’янін. Са сваёй жонкай Нінай Арсенцьеўнай жывуць разам 43 гады. Дарэчы, і яна, калі пазнаёмілася з будучым мужам, выказала жаданне стаць механізатарам і некаторы час працавала трактарысткай у калгасе «Ленінскі шлях». Гэтая сям’я паставіла на крыло двух сыноў і трох дачок, радуецца чатыром унукам, дачакалася праўнучкі, якую завуць Соф’яй.



А.І. Савянок – энергічны і жыццярадасны чалавек, гатовы да новых працоўных перамог. Мяркуе, што калі чалавек любіць і паважае сваю прафесію, ён заўсёды знойдзе спосаб працаваць лепш, прыносіць карысць не толькі сабе, але і іншым. Напэўна, у гэтым і заключаецца няхітры сакрэт прафесійнага поспеху.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *