Толькі самыя добрыя і цёплыя словы можна пачуць у Хойніцкай раённай ветэрынарнай станцыі пра ветурача Паўла Віктаравіча Куліцкага.
Напрыклад, галоўны ветэрынарны ўрач раёна В.М. Пархоменка гаворыць пра яго так:
– П.В. Куліцкі – дысцыплінаваны і вельмі адказны работнік, высокакваліфікаваны і вопытны спецыяліст. Гэта чалавек, якога не патрэбна правяраць, і ў якім можна заўсёды быць упэўненым. Усе даручэнні і свае прафесійныя абавязкі ён выконвае бездакорна, своечасова і якасна. Нездарма паважаюць і цэняць яго ў нашым калектыве.
П.В. Куліцкі нарадзіўся ў Хойніках, у 2000-м паступіў у Рэчыцкі аграрны каледж на спецыяльнасць «ветэрынарыя». У 2004 годзе па размеркаванню быў накіраваны ветфельчарам у ААТ «Хойніцкі Аграсервіс». Адпрацаваў належны тэрмін, а потым яго запрасілі на пасаду ветурача ў падсобную гаспадарку Мінскага трактарнага завода. Называецца яна сельгасцэх «Гайна» Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Тут юнак сустрэў будучую жонку Ганну Васільеўну. У 2010 годзе справілі вяселле, а праз два гады вырашылі вярнуцца на малую радзіму мужа.
Павел Віктаравіч выдатна разбіраецца не толькі ў ветэрынарыі, але і з тэхнікай ён выдатна ладзіць. Пайшоў на рамонтны завод, 2 гады адпрацаваў там. І ўсё ж цяга да сваёй спецыяльнасці была мацней – вярнуўся ён у прафесію ў 2014 годзе і з таго часу працуе ветурачом ветэрынарнай станцыі.
Кола прафесійных абавязкаў П.В. Куліцкага шырокае і разнастайнае. Калі папрасіў яго ўдакладніць, што лічыць галоўным у сваёй рабоце, Павел Віктаравіч адказаў так:
– Напэўна, галоўны напрамак маёй работы, гэта – кантроль за супрацьэпізаатычнай сітуцыяй у раёне, і ў прыватнасці на Ліствінскім ДМБ. Менавіта за гэты ўчастак работы я і нясу адказнасць. А гэта – і прафілактыка, і вакцынацыя, і лячэнне вірусных і бактэрыяльных захворванняў кароў.
Яшчэ адна праблема, з якой часта даводзіцца сутыкацца ў нашай рабоце – хваробы капытоў жывёлы. З-за гэтага каровы часта траўміруюцца, паслабляецца ўся іх імунная сістэма, а ў выніку – зніжаюцца надоі кароў і дойны статак не дае належнай эффектыўнасці і прадукцыйнасці. Таксама лечым хваробы маладняку буйной рагатай жывёлы. Усё гэта і ёсць наша паўсядзённая работа.
Па рабочаму графіку Паўла Віктаравіча субота і нядзеля для яго выхадныя дні. Аднак жыццё ёсць жыццё і ў ім жывёліны, як, дарэчы, і людзі, хварэюць без распісання. Таму часта даводзіцца выязджаць на месца, як у суботу, так і ў нядзелю. Але Павел Віктаравіч не наракае на лёс. Ён выдатна разумее – такая ў яго прафесія: заўсёды быць напагатове, заўсёды магчы аказаць кваліфікаваную і дзейсную дапамогу хворай жывёліне.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота аўтара.