Стратэгічны напрамак

Сельское хозяйство

Сёння ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна аснашчаны самай сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікай: новымі збожжа- і кормаўборачнымі камбайнамі, універсальнымі дыскатарамі, магутнымі энерганасычанымі трактарамі, шыроказахопнымі глебаапрацоўчымі машынамі. Усё гэта багацце павінна належным чынам і захоўвацца, каб эфектыўна служыць хлебаробам не адзін сельскагаспадарчы сезон. Бягучы год у галіне раслінаводства ўжо завершаны, і самы час зараз праверыць, у якім стане чакаюць веснавога ўключэння ў работу сельскагаспадарчыя машыны і механізмы, камбайны і трактары. Таму і абвешчаны ў гэтыя лістападаўскія дні ў раёне агляд-конкурс на лепшую пастаноўку тэхнікі на зімовае захоўванне.



У мінулую суботу на мехдварах гаспадарак раёна, у рамонтна-тэхнічных майстэрнях і пунктах тэхнічнага абслугоўвання пабывалі кіраўнікі і галоўныя інжынеры сельгаспрадпрыемстваў, прад-стаўнікі спецыяльна створанай камісіі. Яны таксама азнаёміліся з умовамі працы механізатараў і рамонтнікаў, створанымі для іх санітарна-бытавымі ўмовамі.
Як адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.І. Ціток, перш чым ставіць тэхніку на зімовае захоўванне, неабходна адрамантаваць яе, выканаць усе неабходныя па тэхнічнаму рэгламенту работы, каб потым, па вясне, яна адразу была гатова да выхаду ў поле. Такім павінен быць стратэгічны напрамак падрыхтоўкі тэхнікі і яе пастаноўкі на зімовае захоўванне.



З убачанага можна з упэўненасцю адзначыць, што тэрыторыі машынна-трактарных паркаў усіх гаспадарак раёна сёння належным чынам добраўпарадкаваны: усе яны заасфальтаваны, на кожнай выдзелены пляцоўкі для захоўвання трактараў, аўтамабіляў, сельгасмашын і абсталявання, а таксама для захоўвання адпрацаваных шын і металалому. Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што такое становішча дысцыплінуе і мабілізуе людзей, бо на чысты асфальт і паперку кінуць сорамна, не кажучы ўжо пра раскіданыя колы, рэдуктары, шасцяронкі і іншы тэхнічны друз.
У цэлым уражанні ад гэтай паездкі засталіся пазітыўнымі, але не абышлося і без негатыву. Напрыклад, не робяць гонару кіраўніцтву і інжынернай службе КСУП «Судкова» да гэтага часу не ачышчаныя ад зямлі плугі, хаця пасля іх апошняга выкарыстання прайшло ўжо нямала часу. Выяўлены тут і іншыя недапрацоўкі не тэхнічнага, а, хутчэй, арганізацыйнага характару.



Затое прыемна было паглядзець на стан машынна-трактарнага парка КСУП «Аравічы». Гэты мехдвор сустрэў удзельнікаў новымі і свежапафарбаванымі варотамі,  распрацаванай і вывешанай на сцяне пабеленай прахадной схемай руху транспарту, чыста падмеценай тэрыторыяй. Памяшканне душавой заманліва ззяла новай пліткай і нікеліраванымі кранамі, належны парадак панаваў у майстэрнях і на пляцоўках для захоўвання сельгасмашын.



Новымі фарбамі зіхацелі ўязныя металічныя вароты на мехдварах сельгаспрадпрыемстваў імя Мележа і «Стралічава». Як і ў «Аравічах», тут таксама працуюць душавыя з гарачай вадой, а ўсе памяшканні майстэрняў сельгаспрадпрыемства імя Мележа ацяпляюцца гарачым паветрам катла, які працуе на дрывах. А вось пункт тэхнічнага абслугоўвання тут ацяпляецца катлом на мазуце, і розніцы не адчуваецца, што і пацвердзілі механізатары Фёдар Канстанцінавіч Бузу і Дзмітрый Аляксандравіч Юшкевіч, якія займаліся рамонтам трактара МТЗ-82. 



Зразумела, што і ўся тэхніка на зімовае захоўванне тут пастаўлена ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі. 
Так, паступова адыходзяць у мінулае часы разбітых вокнаў і лютага холаду ў памяшканнях майстэрняў. Усё больш і больш камфортныя ўмовы ствараюцца сёння для работы механізатараў і рамонтнікаў. А значыць і аддача ад яе таксама павінна быць адпаведнай.



Тэкст і фота Віктар НАЗАРАНКА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *