АМАТАРЫ ФАНЕРНЫХ ЖАНЧЫН
Увесь гэты амаль каўказскі рытуал выкрадання нявесты ў тры гадзіны дня назірала жанчына-вартаўнік СШ № 1, якая і пазваніла ў райаддзел міліцыі. Адсачыўшы з дапамогай камер відэаназірання аўтамабіль з указанымі прыкметамі, аператыўнікі РАУС ужо на наступны дзень затрымалі слуцкіх «мачо». Зараз яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання і чакаюць суда. Іх дзіўныя сэксуальныя забавы кваліфікуюцца па арт. 206 Крымінальнага кодэксу як рабаўніцтва. А пагражае гэта альбо абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў, альбо пазбаўленнем яе на тэрмін ад 2 да 6 гадоў. Дарэчы, адзін з гэтых аматараў фанерных жанчын у чэрвені гэтага года ўжо прыцягваўся да адказнасці па гэтаму самаму артыкулу, і тады суд палічыў магчымым пакінуць яго на волі. Зараз жа тэрмін ён атрымае адназначна.
«ДЗЕ ЎЗЯЎ?.. ЗНАЙШОЎ…»
Не змог растлумачыць паходжанне 23 тон металалому вадзіцель грузавіка МАN з Бранскай вобласці суседняй Расіі, якога ўдалося затрымаць дзякуючы зладжаным дзеянням супрацоўнікаў ДАІ і крымінальнага вышуку Хойніцкага РАУС. Адзінае, што ўдалося высветліць, гэта тое, што нарыхтаваў усю гэтую жалезную гору адзін з хойніцкіх прыватных прадпрымальнікаў, не маючы адпаведнага дазволу на падобную дзейнасць.
Металічны лом канфіскаваны ў даход дзяржавы, адпаведныя дакументы накіраваны ў інспекцыю па падатках і зборах па Хойніцкаму раёну.
БЫВАЙ, «ЛАСТАЎКА»…
24 кастрычніка ўступіла ў сілу заканадаўчая норма аб канфіскацыі транспартных сродкаў у асоб, якія на працягу года двойчы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне ў стане алкагольнага альбо наркатычнага ап’янення. Здавалася б, і двух месяцаў не прайшло з таго часу, а ў нашым раёне рашэння суда зараз чакаюць ажно трое аматараў язды «пад шафэ». Акрамя канфіскацыі аўтамабіляў, да вінаватых будуць прыменены і іншыя санкцыі, прадугледжаныя заканадаўствам.
А. ЛОБАН, начальнік аддзялення аховы грамадскага правапарадку і прафілактыкі РАУС.