Праблемнай “спадчына” ўжо не будзе


Два з паловай месяцы назад на старонках раённай газеты быў змешчаны крытычны матэрыял наконт жыллёвай праблемы маладога спецыяліста КСУП «Аравічы» Сяргея Панамарчука.


Нагадаю, што новы службовы домік, які сёлета быў выдзелены маладому чалавеку і яго сям’і, служыў не месцам жыхарства, а камерай для захоўвання мэблі. Але і ў якасці сховішча ён быў не надзейны: з-за сырасці маёмасць была пад пагрозай псавання. Вільготнасць пайшла па сценах і пашкодзіла шпалеры, пачала разводзіцца цвіль.
Прычынай усіх бед з’яўляліся няспраўнасці ў сістэме ацяплення, якая была цалкам размарожана з-за бязладнасці аднаго з папярэдніх жыльцоў. А як быць без цяпла ў доме зімой? Тым больш, што ў сям’і Панамарчук маленькае дзіця.



Трэба дадаць, што праблема каранямі ўходзіць у мінулае. Папярэдняе кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства то аднаму маладому спецыялісту гэтае службовае жыллё выдзяляла, то іншаму, не клапоцячыся аб тым, каб сістэму ацяплення давесці да ладу. А вось цяперашні дырэктар КСУП «Аравічы» А.А. Кліменка не застаўся ў баку ад праблемы і пасадзейнічаў зняццю з дома кляйма «праблемны». Ён падтрымаў маладога работніка і актыўна далучыўся да вырашэння вострага пытання. Хаця трэба аддаць належнае і Сяргею, які з энтузіязмам узяўся за навядзенне парадку ў доме. Нешта пачаў самастойна рамантаваць, звяртаўся за дапамогай да спецыялістаў. 
Рэдакцыя газеты не магла пакінуць без увагі далейшы лёс злашчаснага дома. У мінулы аўторак зноў завіталі ў госці да маладога спецыяліста, каб высветліць, што змянілася тут з часу апошняга візіту. Па дарозе да дома Аляксей Аляксандравіч Кліменка запэўніў нас, што ўсе няспраўнасці з ацяпленнем ліквідаваны. Пацвярджэннем яго слоў стала цёплае паветра, якое адчулі толькі адкрыўшы дзверы і пераступіўшы парог хаты. Нас сустрэў задаволены Сяргей са словамі: «У нас цяпер цёпла.» Праводзячы «экскурсію» па пакоях, гаспадар дома расказаў, што былі закуплены неабходныя матэрыялы: выцяжкі, трубы і краны, запрошаны спецыяліст, які ўсё гэта ўстанавіў і падключыў. Дарэчы, малады чалавек збірае ўсе чэкі, бо гаспадарка абяцала вярнуць затрачаныя грошы.



Зараз у доме набірае абароты рамонт. Пасля рабочага дня Сяргей разам з жонкай клеяць шпалеры. Кухня ўжо амаль гатова. Маладая пара мяркуе сустрэць Новы год у абноўленым памяшканні. У доме з’явіўся сапраўдны гаспадар, а гэта значыць праблемнай «спадчынай» ён ужо не будзе.



Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *