У нашым раёне, як і ва ўсёй Беларусі, працягваецца работа па навядзенню парадку на зямлі. Аб тым, якія падыходы да гэтай работы існуюць у нашым рэгіене, ішло абмеркаванне на сумесным пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў і пастаяннай камісіі райсавета па аграрных пытаннях, рацыянальнаму выкарыстанню зямельных і прыродных рэсурсаў, добраўпарадкаванню і экалогіі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар праінфармавала ўдзельнікаў пасяджэння аб тым, што зроблена ў кантэксце разглядваемых пытанняў. Адзначыла, што ў лепшы бок мяняецца стан населеных пунктаў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльнага прызначэння, жаданне і імкненне прывесці ў парадак двор, вуліцу набываюць масавасць. Зроблены акцэнт на тое, што кожны кавалачак зямлі павінен даваць аддачу. Прапісная ісціна – рубель, зароблены на зямлі, прынясе ў разы павялічаны даход у выніку перапрацоўкі вырашчанай прадукцыі. Мы не настолькі багатыя, каб пакідаць пуставаць заросшыя бур’янам землі, гэта недаравальная раскоша.
Самы галоўны вынік агульнай дзейнасці – у межах населеных пунктаў раёна ў севазварот уведзена cёлета 412 гектараў зямлі, у тым ліку за апошні месяц – 240 гектараў. З пачатку года ўстаноўлена на вёсцы 19500 метраў агароджы, а грамадзянамі за свой кошт – 4700 метраў. Знесена 217 пустуючых дамоў. З належачых афарбоўцы 820 дамоў афарбавана 564. Сабрана 100 млн. 500 тыс. рублёў самаабкладання, па гэтаму паказчыку маем добрыя вынікі – сярод усіх раёнаў Гомельскай вобласці мы пятыя.За кошт бюджэтных сродкаў праведзена добраўпарадкаванне могілак у населеных пунктах Звяняцкае, Грачыхіна, Каранёўка і інш.
І вельмі крыўдна, што ўкладваюцца вялікія сродкі, работа выконваецца, а праз невялікі прамежак часу бачна, што робіцца гэта марна: у Езапове толькі летась устаноўлена новая агароджа, цяпер жа яна пашкоджана, і, натуральна, мае непрывабны выгляд.
Згодна з распараджэннем старшыні райсавета Г.В. Бондар былі створаны дэпутацкія групы, якія вывучалі становішча спраў па навядзенню парадку на зямлі на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў. Галіна Віктараўна агучыла вынікі праведзенай работы на пасяджэнні, якія падмацоўваліся дэманстрацыяй слайдаў. Зроблена многа, але многае яшчэ прадстаіць выканаць. Асабліва па зносу пустуючых і ветхіх дамоў у сельскай мясцовасці. Адным са шляхоў вырашэння праблемы з’яўляецца дапамога гараджан тэрыторыям сельсаветаў. А іменна – тых арганізацый і прадпрыемстваў, якія замацаваны за сельскімі населенымі пунктамі. Але толькі дзве арганізацыі – лясгас і запаведнік – працуюць на гэтым участку без напамінкаў.
У належны стан прыводзяцца прыватныя падворкі, аднак парадак яшчэ не дайшоў да кожнай вёскі, У «маладворках», асабліва аддаленых, узровень добраўпарадкавання застаецца нізкім.
Заслухаўшы інфармацыю па разглядваемых пытаннях намесніка старшыні райвыканкама А.П. Гуры, начальніка аддзела ЖКХ Р.І. Каржанок, начальніка землеўпарадкавальнай службы А.А. Маліноўскага, начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І.Р. Дубінкі, прэзідыум райсавета дэпутатаў, пастаянная камісія па аграрных пытаннях, рацыянальнаму выкарыстанню зямельных і прыродных рэсурсаў, адзначылі, што работа па рэалізацыі патрабаванняў Указа № 100 Прэзідэнта Рэс-публікі Беларусь сельскімі выканаўчымі камітэтамі і раённай камісіяй па абследаванню стану жылых дамоў, размешчаных у сельскай мясцовасці, вядзецца недастаткова, не ў поўным аб’ёме выкананы мерапрыемствы раённага плана па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі. У рашэннях прапісаны адпаведныя рэкамендацыі, кантроль за выкананне ўскладзены на намесніка старшыні райвыканкама А.П. Гуру, пастаянную камісію па аграрных пытаннях, рацыянальнаму выкарыстанню зямельных і прыродных рэсурсаў, добраўпарадкаванню і экалогіі.
У завяршэнне пасяджэння старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар падкрэсліла, што ў гэтым важным напрамку працаваць трэба ва ўзаемадзеянні ўсіх служб: адзін аднаго разумець, а работу выконваць.
Клаўдзія БОСАК.