Вёска прачынаецца значна раней, чым горад. Ужо ў палове пятай раніцы ажываюць яе сонныя вуліцы. З розных канцоў сельскага населенага пункта ў напрамку малочнатаварнай фермы паасобку і групамі ідуць людзі на чарговую працоўную вахту. Двор фермы заліваецца агнямі электрычных лямпачак, а ўнутры памяшканняў, дзе знаходзяцца дойныя каровы, пачынае кіпець работа.
Бывае, зімой за ноч мяцеліца замяце дарогі. І бачна, хто рана пайшоў на работу, бо сляды яшчэ не паспелі схавацца пад снегам. Ёсць у гэтых слядах, і ў агнях фермы, і ў нітачцы дымку з пячной трубы, і ў ранішнім спеве пеўняў штосьці саграваючае душу. За спакой, утульнасць гэтых пейзажаў і любіць вёсковае жыццё Ніна Кісліцына.
Родам сціплая маладая жанчына з сяла Макееўка Цалінаградскай вобласці Казахстана. Жыць у Веляцін з сям’ёй – бацькам, маці і малодшым братам Віктарам – пераехала пятнаццаць гадоў назад. Закончыла мясцовую школу, вучылася ад калгаса на асемянатара. Але лёс звязаў прыгожую чарнявую дзяўчыну з іншай прафесіяй – яна стала даяркай.
Яшчэ ў маленстве Ніна прыбягала са школы, кідала партфель і спяшалася да бацькі на ферму, каб дапамагчы даглядаць кароў. Наша сінявокая Беларусь славіцца неабсяжнымі лясамі, а Казахстан – прасторнымі палямі. Вярхом на кані Ніна наглядала за статкам, любуючыся наваколлем. Кароў ніколі не баялася, нават у дзяцінстве.
І маці ўсё жыццё працавала даяркай. Таму Ніна на ферме была частай госцяй. Ва ўсім дапамагала бацькам.
Цяпер сама працуе аператарам машыннага даення. І вельмі добра спраўляецца са сваімі прафесійнымі абавязкамі. Па выніках мінулага года прызнана лепшай маладой даяркай у раёне! Была адзначана на раённай урачыстасці, прымеркаванай да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
Поспехаў дабіваецца той, хто да гэтага імкнецца. Гэта аксіёма, якая не патрабуе доказаў. Трэба проста працаваць на сумленне, як Ніна Кісліцына. Яна заўсёды ў чысціні трымае сваё працоўнае месца і з клопатам ставіцца да жывёлы. Доіць кароў пад музыку, пераважна шансон, а наогул працаваць стараецца заўсёды з усмешкай.
Вольны час аддае хатнім клопатам, дзецям. У жанчыны два сыны – Вова і Лёша, дачка Надзея. Разам з мужам Эдуардам трымаюць гаспадарку, даглядаюць агарод. Часта Ніна сваіх дамашніх песціць рознымі смачнасцямі, бо любіць гатаваць. Вось і ў гэтыя святочныя дні ўся іх сям’я збіралася за шчодра накрытым сталом. Час, праведзены разам, з’яўляецца самым лепшым падарункам для гаспадыні дома.
Ніна – ветлівая, чулая жанчына, з адкрытай душой. А яшчэ адданы сваёй справе работнік. Нездарма ж сяброўка, якая забегла ў хату, сказала: «О! Пішаце пра нашу Ніну? Правільна. Бо хоць усю планету абысці – лепш даяркі не знайсці».
Наталля ЧЭКАН.