Заўсёды, бываючы на Велікаборскім малочнатаварным комплексе КСУП «Эксбаза «Стралічава», не пераставаў здзіўляцца яго інфраструктуры.
Побач з жывёлагадоўчымі памяшканнямі сучаснага даільна-малочнага блока, які ўступіў у лік дзеючых у 2014 годзе, выдатна захаваліся і будынкі яшчэ савецкай забудовы з дыхтоўнымі сценамі, шыфернымі дахамі і якасна пракладзенымі асфальтаванымі праездамі паміж імі.
Маштаб такога, нават па сённяшняму часу, велічнага комплексу збудаванняў становіцца зразумелым, калі ўлічыць, што ў тыя гады мясцовы жывёлагадоўчы комплекс быў разлічаны на ўтрыманне 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Вось адкуль захавалася і заасфальтаваная тэрыторыя, і моцныя цагляна-бетонныя жывёлагадоўчыя памяшканні.
Сёння на ўтрыманне тысяч галоў тут ужо не замахваюцца, а дойны статак на ДМБ налічвае 372 галавы кароў, плюс 60 сухастойных кароў, а таксама плюс каровы на раздоі. Яшчэ ёсць цяляты ад нараджэння і да 21 дня, а таксама ва ўзросце ад 21 дня і да 3 месяцаў.
Загадчыца фермы Л.А. Шлёг працуе ў былым «Велікаборскім» з 1997 года. Была і дыспетчарам, і інспектарам па кадрах, і жывёлаводам, а са жніўня мінулага года Любоў Арсенцьеўна ўзначаліла калектыў Велікаборскага малочнатаварнага комплексу.
Расказвае, што апошнюю зімоўку тут перажылі спакойна, кармоў – кукурузнага сіласу і травяного сянажу хапала ўдосталь. Пастаянна ў рацыёне кармлення жывёлы былі канцэнтраты і сена. Не было зрываў і ў важнейшых тэхналагічных працэсах – кармленне, паенне жывёлы і яе даенне праводзіліся арганізавана і па графіку.
Галоўнымі дзеючымі асобамі, як на любым комплексе і любой жывёлагадоўчай ферме, з’яўляюцца аператары машыннага даення кароў, цялятніцы, даглядчыкі жывёлы, а таксама аператары па рамонту абсталявання. Не з’яўляецца выключэннем і Велікаборскі малочнатаварны комплекс, а сярод лепшых Л.А. Шлёг называе прозвішчы даярак А.У. Можынай, А.М. Дземідзенка, В.А. Коршун, цялятніц С.А. Сарокінай, Г.В. Бяспалай, жывёлавода даільнай залы У.С. Казмірчука, слесара па абслугоўванню малочнага абсталявання М.М. Хваянка.
Што датычыць паказчыкаў работы Велікаборскага МТК, то тут калектыву комплексу яшчэ, канешне, ёсць куды расці. І па валаваму надою (адпаведны перыяд 2018 г. – 4261 кг; 2019 г – 3946 кг; -315 кг, 93%), і па надоях ад каровы (2018 г. – 9,9 л; 2019 г. – 9,1 л, -0,8 кг; усе даныя за 18 красавіка), і па якасці малака, якое з комплексу пакуль што рэалізуецца першым гатункам.
Але, што датычыць, росту надояў малака, то тут асаблівыя надзеі ўскладаюць на работу па ўзнаўленню статка і ўводу ў яго новых нецеляў, а таксама на хуткае ўзбагачэнне рацыёну кармлення за кошт люцэрны і іншага пажыўнога зялёнага корму. Ёсць свае планы і па павышэнню якасці малака ў частцы саматыкі, а гэта мае на ўвазе больш строгае захаванне патрабаванняў сучасных тэхналогій даення кароў.
Тым не менш і сёння комплекс працуе ў адзіным рабочым рытме, у жывёлагадоўчых памяшканнях чыста, суха і ўтульна, паўсюды адчуваецца гаспадарчая рука. А значыць павінны абавязкова прыйсці і новыя поспехі.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.