Дзеці – самае галоўнае ў сям’і

Законнасць і парадак

Вышэйшай мэтай дзяржавы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь з’яўляецца забеспячэнне правоў і свабод грамадзян. У якасці першачарговай задачы вызначана стварэнне стройнай сістэмы абароны кожнага чалавека і ў першую чаргу – дзяцей.



На жаль, нягледзячы на прымаемыя меры, у краіне застаецца дастаткова высокай колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі.
У сілу шэрагу прычын і, перш за ўсё, сацыяльна-эканамічных (беспрацоўе, алкагалізацыя насельніцтва, падзенне ўзроўню культуры і маральнасці) у апошні час у нашай рэспубліцы адзначаецца пэўны крызіс інстытута сям’і. Усё больш ускладняецца сітуацыя ў сферы сямейна-бытавых адносін.



Да найбольш важных крымінагенных умоў варта аднесці п’янства, паколькі ўжыванне спіртных напіткаў, а тым больш сістэматычнае, садзейнічае згасанню тонкіх эмацыянальных перажыванняў, аслабленню або страце самакантролю, праяўленню жорсткасці і агрэсіўнасці, у тым ліку да ўласных дзяцей.
Сямейная неспрыяльнасць з’яўляецца галоўнай прычынай зруху вартасных арыенціраў у дзяцей, пастаянныя сваркі, рукапрыкладства бацькоў фарміруюць жорсткасць у характары непаўналетняга і служыць асяроддзем для іх далейшага прыцягнення ў супрацьпраўныя паводзіны.



П’янства бацькоў і  сямейнае бязладдзе часта садзейнічаюць уходу дзіцяці з сям’і. Сямейная неспрыяльнасць з’яўляецца асноўнай прычынай выбару падлеткамі грамадска небяспечнага ладу жыцця, здзяйснення правапарушэнняў, злоўжывання спіртнымі напіткамі, ужывання наркотыкаў і таксічных рэчываў.
У 2013 годзе згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта № 18 з сацыяльна небяспечных сем’яў было забрана 30 дзяцей, 19 з іх змешчаны ў Барысаўшчанскі сацыяльны прытулак, 11 – узяты пад апеку. Па стану на 1 студзеня 2014 года ў нашым раёне налічваецца 61 сацыяльна небяспечная сям’я, выхоўваюцца там 163 непаўналетнія дзіцяці.
Важнае значэнне ў справе ранняга выяўлення сямейнай неспрыяльнасці мае ўзаемадзеянне паміж сельскімі Саветамі, установамі адукацыі, арганізацыямі ЖКГ. Але без актыўнай пазіцыі грамадзян у пытаннях папярэджвання сямейнай неспрыяльнасці, правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін, дзяржаўныя органы гэту праблему не вырашаць. У гэтай сувязі райаддзел унутраных спраў просіць,



КАЛІ ВЫ МАЕЦЕ ІНФАРМАЦЫЮ АБ ТЫМ, ШТО Ў  ТОЙ АБО ІНШАЙ СЯМ’І СКЛАЛАСЯ НЕСПРЫЯЛЬНАЯ СІТУАЦЫЯ, ШТО ДЗЕЦІ Ў ТАКІХ СЕМ’ЯХ ПАКУТУЮЦЬ АД П’ЯНСТВА І СКАНДАЛАЎ БАЦЬКОЎ – ПАВЕДАМІЦЕ АБ ГЭТЫМ У РАУС ПА ТЭЛЕФОНЕ 102.



Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам дапамагчы дзецям, якія трапілі ў бяду!


В. КОТЧАНКА, в.а. начальніка РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *