90-гадовая Галіна Адамаўна Турчына магчыма і не станцуе так, як танцавала ў маладосці, аднак памятае ўсё-ўсё падрабязна са свайго багатага на эмоцыі жыцця, а вершы чытае як выразна.
Яе дом у в. Іванаўка апошні. Няма больш вёскі, што славілася малінай па ўсёй акрузе, няма садоў, дзе спявалі салаўі, няма гамонкі ды танцаў пад баян. Засталася толькі Галіна Адамаўна і яе ўспаміны.
Жыццё не балавала дзяўчыну. Нарадзілася ў Навасёлках, была самай старэйшай з пяці сясцёр. Паспела скончыць тры класы, як пачалася вайна. Успаміны і дагэтуль бярэдзяць сэрца, а на вачах з’яўляюцца слёзы. Расказала мне Галіна Адамаўна і як у лесе начаваць даводзілася, і як у каноплі хаваліся, пакуль Навасёлкі гарэлі, і як у той самы раз згубілі матулю і давялося адным начаваць у лесе, і як давялося нават тыдзень ёй адной у лесе прасядзець, і як уся сям’я тыфам захварэла (цудам нейкім жывыя засталіся).
Адзін выпадак асабліва жудасны: «Пачулі мы, што матацыкліст нямецкі прапаў. І нехта з людзей сказаў, што паехаў ён у Зялёны Гай. А на наступны дзень даведаліся мы, што гарыць вёска разам з людзьмі. І няма яе з тае пары»…
Бацька з вайны не вярнуўся, маці паднімала дзяцей адна, таму і давялося Галіне з маленства «гараваць». Працавала яна ў лесе 13 гадоў. Сусед навучыў посталы (лапці) плесці, а то дзяўчынка босай хадзіла. Зімой асабліва цяжка было, бо ні абутку, ні адзення добрага. Але працавалі. На першую зарплату купіла мама Галіне фуфайку ды спадніцу ваенную. Гэта лічылася, што прыадзелася ўжо.
Аднак маладосць брала сваё, таму пасля цяжкай працы – вечарам на вячоркі. З будучым мужам пазнаёмілася, пражылі з Леанідам Аляксандравічам больш за 50 гадоў, а два гады яна ўжо адна.
Узгадвае Галіна Адамаўна, як хату ў Іванаўкі куплялі: «4 тысячы напазычалі, аднак хапіла только на саму хату. Увайшлі ў яе з мужам і дзецьмі – сцены голыя, мэблі няма, затое вялікая радасць, што ўласнае жыллё. І страх не браў мяне, бо здавалася, што я такая багатая, сваю хату маю! Здавалася, для шчасця большага і не патрэбна».
У доме Турчыных заўсёды збіралася моладзь, да дзяцей прыходзілі сябры. Адзін з першых тэлевізараў хадзіла да іх глядзець мо паўвёскі. А вяселлі і провады ў армію гулялі не адзін дзень.
Канешне, 5 дзяцей, 10 унукаў і 6 праўнукаў – галоўны скарб у жыцці – бябулю адну не пакідаюць. Аднак усё цяжэй ёй выйсці на вуліцу, на сонейка, ды і пустэча вакол не асабліва радуе. Затое аптымізму не меньшае ў Галіны Адамаўны: «Вясёлая я была вельмі, можа таму ўсе гэтыя цяжкасці і перанесла. Таму жадаю ўсім быць аптымістамі з жыцці». А мы Вам, паважаная, жадаем здароўя!
Тэкст і фота Вольгі БЕЛАШ.