За эканамічную бяспеку
На гэтым тыдні прайшло першае пашыранае пасяджэнне камісіі райвыканкама па супрацьдзеянню карупцыі. Узначальвае камісію намеснік старшыні райвыканкама
Ж.М. Чарняўская.
У якасці першага пытання парадку дня разгледжаны і зацверджаны план работы раённай камісіі па супрацьдзеянню карупцыі на бягучы год.
Далей заслухалі інфармацыю старшыні камісіі Ж.М. Чарняўскай і начальніка райсельгасхарчу А.В. Калыхана аб выніках пазапланавай праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці КСУП «Веляцін», якая праводзілася ў снежні 2013 года за перыяд з 1.05.2013 па 30.12.2013. Агучаны факты парушэнняў заканадаўчых і нарматыўна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь, дапушчаныя ў гэтай гаспадарцы.
У прыватнасці, летась у парушэнне п. 28 Інструкцыі аб парадку вядзення разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі ў беларускіх рублях з касы КСУП «Веляцін» выдалі грошы асобе, не ўказанай у ведамасці, без прадастаўлення даверанасці. За парушэнне вядзення касавых аперацый прадугледжаны штраф у памеры да 10 базавых велічынь.
Па словах Ж.М. Чарняўскай, гэта сведчыць у першую чаргу аб неналежнай арганізацыі ўнутрыгаспадарчага кантролю за эканамічнай бяспекай у КСУП «Веляцін». Разам з тым, каб пазбегнуць падобнага, трэба павысіць і ўнутрыгаліновы кантроль фінансава-гаспадарчай дзейнасці на раённым узроўні, а таксама павысіць эфектыўнасць мерапрыемстваў, праводзімых упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання па прафілактыцы парушэнняў у сістэме падведамасных арганізацый.
Згодна з рашэннем камісіі па гэтаму пытанню райсельгасхарчу неабходна штоквартальна праводзіць вучобу з бухгалтарскімі і эканамічнымі службамі сельгаспрадпрыемстваў па недапушчэнню правапарушэнняў. Заканадаўства мяняецца, і адказным трэба своечасова ўнікаць ва ўсё новае. Да 20 лютага выяўленыя недахопы ў КСУП «Веляцін» павінны быць ухілены і прыняты адпаведныя меры да вінаватых.
Па трэцяму пытанню адносна запаўнення дэкларацый аб даходах і маёмасці выступіла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Л.У. Толмач.
Ірына Лукашэнка.