Вы сустракаецеся з аднакласнікамі?
Так ужо павялося, што практычна паўсюдна ў першую суботу лютага школа гасцінна адкрывае дзверы ўсім, хто з нядаўніх або вельмі далёкіх вучняў ператварыўся ў сталых дарослых. Прапаноўвае страсянуць памяць, акунуцца ў дзяцінства і юнацтва. Звычайна ў гэты вечар выпускнікі дзеляцца сваімі ўспамінамі, расказваюць аб тым, хто чаго дабіўся ў жыцці. Мы спыталі ў хайнічан.
Сяргей Заяц:
– СШ № 2 я закончыў у 2006 годзе. І з таго часу выкарыстоўваю любую магчымасць, каб прыйсці сюды на вечар сустрэчы выпускнікоў. Пасля школы, вядома, усе нашы шляхі разышліся. Цяпер мы не часта бачымся, каб успомніць дзяцінства і юнацтва, што прайшлі разам. І зімовая сустрэча выпускнікоў – добрая нагода для гэтага. З гэтым днём усё вяртаецца: нашы пачуцці, успаміны, шчыры смех і радасць за бліжняга. Кожная такая сустрэча запамінальная.
Святлана Марчанка:
– Так, сустрэча выпускнікоў праходзіць афіцыйна ў пачатку лютага, але гэта не догма, тым больш калі прайшоў не адзін дзесятак гадоў. Мне, дапусцім, было больш цікава сустрэцца са сваімі аднакласнікамі летась, роўна праз 25 гадоў пасля заканчэння СШ № 3 г. Хойнікі. За прайшоўшы час многія так змяніліся, што ўгадаць тых дзяўчынак і хлопчыкаў у школьнай форме было цяжкавата. Усе мы былі рады таму, што на гэтай сустрэчы была наш класны кіраўнік К.І. Буланава і прыехала з другога горада першая настаўніца Л.Ф. Клега.
Вольга Шаўчэнка:
– Я працую педагогам-арганізатарам у СШ № 1 г. Хойнікі і прымаю самы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы да лютаўскай сустрэчы выпускнікоў. Кожны год стараемся разнастаіць праграму мерапрыемства, каб удзельнікі атрымалі пазітыўны зарад. Вось і сёння вечарам былыя нашы выпускнікі збяруцца за круглым сталом, кожнаму будзе прадастаўлена слова для расказу аб сваім пасляшкольным жыцці. Думаю, што ўсе прымуць актыўны ўдзел у конкурснай праграме, шумна, весела і дружна правядуць гэту сустрэчу выпускнікоў і ўжо будуць чакаць наступную.
Жанна Карнеявец:
– Адзінаццаць гадоў я была разам са сваімі аднакласнікамі – навучэнцамі гімназіі г. Нароўлі, дзе нас вучылі дапамагаць, падтрымліваць, давяраць і абараняць адзін аднаго. Мы былі адной вялікай, дружнай сям’ёй, а гімназія – родным домам. Я закончыла гімназію ў 2010 годзе, зараз жыву і працую ў Хойніках. І вельмі шкадую аб тым, што не магу трапіць на сустрэчу выпускнікоў. Але пасля заканчэння гімназіі мы дамовіліся сустрэцца роўна праз дзесяць гадоў, каб у кожнага з нас быў пэўны запас успамінаў і кожны мог расказаць аб сваім месцы ў жыцці.
Апытвала Клаўдзія БОСАК.