Майстры дзіцячай душы
Маленькія дзеці цалкам залежаць ад дарослых. З часам прыходзіць самастойнасць — па кропельцы, з кожным крокам і першымі гукамі. Добра, калі развіццё дзіцяці адбываецца дакладна з узростам, а калі — не? Тады на дапамогу і прыходзяць «анёлы» па выратаванню дзіцячай душы і майстры-наладчыкі маленькага арганізму. Людзі з такой характарыстыкай працуюць у раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі «Давер», які існуе больш за 10 гадоў у адным будынку з дзіцячым садам № 1па вул. К. Маркса г. Хойнікі.
Унутранае аздабленне ва ўсіх колерах вясёлкі: паўсюдна ўпрыгожванні з паперы, зялёныя вазоны ўтульна прымасціліся каля сцен. Чуваць дзіцячыя галасы: як званочкі, моцна і бадзёра адказваюць рабяты на пытанні педагогаў. Ды вось яны ўсе разам — іх фотаздымкі ў цэнтры «Давер» на дошцы гонару ручной работы.
Ідзе звычайны працоўны дзень, працягваецца планавы выхаваўчы працэс. У кабінеце за сталом сядзяць дзеткі, а педагог-псіхолаг Яўгенія Васькова раздае ім заданні.
— Дзіма, паказвай усім малюнак! А вы, рабяты, падымайце руку, калі ўбачыце ў сябе падобны!
— Даша, глядзі на Дзіму! Цягні руку, калі бачыш свой малюнак!
— Шкадаванне ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця або іншымі адхіленнямі па здароўю не спрацоўвае. Гэта такія ж дзеці, як і ўсе астатнія, проста ў іх ёсць пэўныя праблемы. Іх мы і імкнёмся вырашаць. Дарэчы, з поспехам гэта робім, ? дзеліцца настаўнік-дэфектолаг В.П. Дзядзіцкая (здымак 1).
Абсалютна жаночы калектыў выхоўвае 51 дзіця з г. Хойнікі і населеных пунктаў Казялужжа, Судкова, Веляцін, Паселічы, Вялікі Бор.
Падобны матрыярхат крыецца ў спецыфіцы работы цэнтра ? справа ў канцэнтрацыі на працэс, хаця стаўка таксама ідзе на вынік.
Кожны са спецыялістаў, дакладней ? кожная, займаецца з дзецьмі па некалькіх напрамках. Педагог-псіхолаг Яўгенія Васькова вучыць выказваць эмоцыі, трэніраваць памяць і ўменне зносін; сацыяльны педагог Жанна Кузьменка вучыць дзяцей творчасці: нетрадыцыйным метадам малявання, разнастайнай аплікацыі для развіцця дробнай маторыкі; настаўнікі-дэфектолагі Вольга Дзядзіцкая і Таццяна Чэкан адказваюць за пастаноўку гукаў, маўлення, работай над інтэлектуальным развіццём. Работы хапае. Менавіта да дэфектолагаў часцей за ўсё звяртаюцца бацькі дзяцей. Дарэчы, у цэнтры «Давер» дзейнічае «Школа для бацькоў», таты і мамы запрашаюцца на святочныя мерапрыемствы.
За агульным рабочым працэсам пільна сочыць вопытны спецыяліст – намеснік дырэктара Таццяна Цалуйка, якая трымае руку на пульсе дзейнасці цэнтра, міма яе не пройдзе ніводная праблема.
Спецыялісты ранняй комплекснай дапамогі рознымі спосабамі дапамагаюць бацькам не губляцца ў складаных жыццёвых абставінах, прапануюць ім стаць удзельнікамі карэкцыйнага працэсу.
— Як і ўсе дзеці, нашы выхаванцы тонка адчуваюць, калі дарослымі можна маніпуліраваць, — расказвае дырэктар цэнтра М.Г. Плытнік. – Як толькі ўбачыць хлопчык сваю бабулю ці маму, адразу кідае займацца і робіць жаласлівы погляд, ад якога чуллівае жаночае сэрца так і дрыжыць. Усхваляваная жанчына гатова бегчы да свайго дарагога дзіцяці і ратаваць. Хаця праблемы ніякай няма.
Сапраўды, сама была крыху здзіўлена, калі пачула, як выхавальніцы ліха кіруюць групай дзяцей — іх галасы моцныя і выразныя. Гэта для таго, каб усе дзеткі адрэагавалі на просьбу і зразумелі, што тут не прыкінешся слабым і хворым ? трэба займацца, а не шкадаваць сябе.
Гэтаму вучаць амаль з пялёнак: працуе спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі шматлікімі парушэннямі развіцця, з імі займаюцца настаўнік-дэфектолаг Таццяна Чэкан і выхавальніцы Ірына Неўмяржыцкая і Аксана Сушчанка.
Паралельна з выхаваўчым працэсам дзеці праходзяць курсы медыцынскай рэабілітацыі: масаж і лячэбную фізкультуру.
Штодзень самаадданая, ювелірная работа калектыва цэнтра прыносіць пазітыўныя змены ў фізічным і інтэлектуальным развіцці выхаванцаў.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.