Творчасць з водарам дзяцінства
Пазнаёміцца з народнай умеліцай Марыяй Сцяпанаўнай Алейнік параіла яе даўняя сяброўка, жыхарка нашага горада Валянціна Мікалаеўна Бордак. Іх сяброўства працягваецца амаль 40 гадоў, з таго часу, як разам працавалі памочнікамі выхавальніка ў былым дзіцячым садзе былой ПМК-68. Сапраўды, работы, размешчаныя ў звычайнай двухпакаёўцы па вуліцы Калесніка, 15 райцэнтра, дзе жыве іх аўтар, вельмі прыгожыя. Пры сустрэчы пагаварыла з Марыяй Сцяпанаўнай аб творчасці, аб жыцці і аб лёсе… Мудрая і добрая жанчына, вельмі прыемная ў зносінах – многае здзівіла мяне ў гэтым чалавеку.
Аб рукадзеллі
Гэта ў Марыі Сцяпанаўны ад маці Агаф’і Пятроўны. З нараджэння дзяўчынку і шэсць яе братоў і сясцёр акружалі вышытыя ручнікі і агалоўнікі, пакрывалы і накідкі на падушкі і многае-многае іншае. Такіх радасных і прыгожых колераў Марыя больш ні ў кога і ніколі не бачыла: маці сама іх прыдумвала. Вось чаму, напэўна, і энергетыка ў гэтых работ была моцная. Увогуле, маці была майстрыха на ўсе рукі – навучыла дачку прасці на станку, сваім жа льном, самастойна вырашчаным і пафарбаваным у яркія колеры.
Перадала маці і свае ўменні, і свае інструменты па вышыўцы (драўляныя пяльцы з металічным зажымам). З таго часу вышыванне – гэта для Марыі Сцяпанаўны аддушына, яе самарэалізацыя. Была работа, сям’я, дзеці, дамашнія клопаты. Але колькі б ні было спраў, управіўшыся з усімі, жанчына спяшалася застацца адзін на адзін з любімым заняткам. Якая б не навальвалася стомленасць, якія б не адбываліся дзённыя непрыемнасці, усё адступала. Варта было толькі пабачыць нешта прыгожае: маляўнічы куточак прыроды, маленькае кацяня, адразу ўспыхвала жаданне занатаваць гэта на палатне пасрэднасцю вышыўкі.
Год ад года расло майстэрства Марыі Сцяпанаўны. Многія работы выкананы звычайным крыжыкам. Паглядзеўшы на іх, можна без перабольшвання сказаць, што гэта – творы мастацтва. Крыжык да крыжыка, нітачка да нітачкі, і вось ужо здаецца, што работы выконваліся не з дапамогай нітак і іголкі, а фарбамі і пэндзлікам.
Аб тэхніцы і маштабных работах
Асаблівасць тэхнікі М.С. Алейнік заключаецца ў тым, што стварае яна менавіта трохмерныя работы пасрэднасцю спалучэння жывапісу і аб’ёмнай вышыўкі ніткамі. Жывапіс ідзе першым этапам работы, прычым наносячы малюнак, умеліца пакідае тэкстуру тканіны не забітай, каб у далейшым была магчымасць для выбітной вышыўкі. Такім чынам ствараліся дываны, фігуркі звяркоў. Калі-нікалі працэс так зацягваў, так хацелася хутчэй пабачыць гатовую работу, што не спала да чатырох гадзін ночы, не адчуваючы ні часу, ні стомленасці.
Аб іншых захапленнях
Акрамя вышыўкі Марыі Сцяпанаўне падабаецца вязаць, добра валодае і кручком, і спіцамі. Вельмі любіць кветкі, самастойна асвоіла курс фларыстыкі. Створаныя букеты з розных дапаможных матэрыялаў, з рэшткаў таго ж пенапласта пасля рамонту кватэры, змяшчае ва ўласнаручна вырабленыя вазы. Вязала іх з нітак кручком, змяшчала ў канцэнтраваны сахарны сіроп (100 грамаў цукру на 50 грамаў вады), затым нацягвала на шкляны слоік, каб ваза прыняла форму – эксклюзіўны выраб атрымліваецца.
Аб натхненні
Натхненнем для М.С. Алейнік служыла і застаецца служыць прырода і кветкі. Таму і назвы работам даюцца адпаведныя. У рамачкі заключаны вышытыя карціны «Дарога ў лесе», «Ліса і воўк», «Вясковая хаціна» і іншыя. Вышытыя сваімі рукамі карціны ствараюць у кватэры ўтульнасць, атмасферу спакою і цяпла. Колькі вышываных карцін стварыла Марыя Сцяпанаўна, яна не падлічвала. Многія з яе работ разляцеліся па гарадах Беларусі і Расіі: Масква, Смаленск, Віцебск… Яе «часцінкі душы» жывуць у дамах і кватэрах добрых людзей – родзічаў і сяброў, якія цэняць яе захапленне прыгажосцю. І, канешне ж, знаходзяцца работы і на малой радзіме Марыі Сцяпанаўны – у вёсцы Звяняцкае, дзе рабіла яна першыя крокі на жыццёвым шляху.
Канешне, рукадзелле патрабуе цярплівасці і ўседлівасці, затое канчатковы вынік – з’яўленне твора – вышэйшая ўзнагарода за працу. І сёння, у свае 75 гадоў, Марыя Сцяпанаўна Алейнік працягвае вывучаць, ствараць і эксперыментаваць. Стараецца не спыняцца ні на секунду і жадае гэтага ўсім, хто захоплены дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.
Клаўдзія Босак.