КАЛІ ЎЖО ЛЁД КРАНЕЦЦА?

Законнасць і парадак

Сельгаспрадпрыемства Судкова на асаблівым кантролі ў мабільнай групы райвыканкама, паколькі гэта гаспадарка мае шмат балявых кропак у плане дысцыпліны і парадку. Пра выяўляемыя ў час праверак прыклады безгаспадарчасці рэгулярна паведамляецца на старонках райгазеты. Але лёд так і не кранаецца.



Пачалі праверку з малочнатаварнай фермы «Малішаў». І адразу ў першым памяшканні трапілі ў дымавую завесу. Гэта работнікі будаўнічай брыгады рабілі перакур. Няхай сабе, але чаму ў рабочым пакоі? Курыльшчыкам была зроблена заўвага: з цыгарэтай, калі ласка, у спецыяльна вызначаныя месцы.



На гэтай ферме своечасова не прыступілі да абедзеннага даення кароў. За тлумачэннямі вырашылі звярнуцца да загадчыцы фермы, але яе не аказалася. Як высветлілася, была ў канторы гаспадаркі, на ферму прыйшла праз дваццаць хвілін пасля прыезду мабільнай групы. І толькі тады пачалі даіць кароў.
Дзверы памяшкання, дзе знаходзяцца камбікармы, адкрыты наросхрыст: заходзь – бяры хто хоча. Пасля заўвагі, зробленай членамі мабільнай групы, быў навешаны замок.
У час гутаркі з работнікамі МТФ высветлілася, што яны вельмі незадаволены ўмовамі працы і заработнай платай. «Цэлы дзень на ферме праводзім: і доім, і чысцім, і даглядаем, а атрымліваем усяго мільён-два рублёў», – скардзіліся жанчыны.



Далей шлях ляжаў на ферму «Валокі». Тут праблемных пытанняў амаль не было, за выключэннем таго, што кармы раздаваліся каровам у час даення, а не, як належыць, да яго пачатку.
Езапоўская МТФ уразіла сваёй антысанітарыяй: у хлявах чысцей чым у раздзявалках. Бутэлькі з-пад піва, пустыя пачкі ад цыгарэт, кругом бруд – перад правяраючымі паўстала такая карціна. Да слова, тут ёсць прыбіральшчыца. Да яе, безумоўна, асноўныя прэтэнзіі, але і кожны работнік павінен быць культурным і акуратным. У цэлым жа вытворчасць на гэтай ферме наладжана нядрэнна.



На наступным пункце праверкі – малочнатаварнай ферме ў Дворышчах – грубых парушэнняў не было выяўлена, а вось на МТФ «Судкова» нагоды для крытычных заўваг знайшліся. Так, каровы з-за адсутнасці кармушак вымушаны вылізваць камбікорм з падлогі. На чатырох з дзесяці бідонаў з малаком адсутнічалі накрыўкі.    
Сярод агульных мінусаў – невыкарыстанне работнікамі спецвопраткі, неаформленыя належным чынам інфармацыйныя стэнды, адсутнасць мерных вядзерцаў – насыпаюць кармы прама з меха. Сярод плюсаў – усе работнікі ферм выйшлі на работу і знаходзіліся на працоўных месцах у цвярозым стане.


Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *