У мінулую суботу ў нашым горадзе прайшло традыцыйнае святкаванне Масленіцы. На пляцоўцы каля цэнтра культуры г. Хойнікі разгарнулася, як у каляровай кніжцы, цікавая і стракатая карцінка разнастайных выступленняў, гульняў і конкурсаў.
Дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі маглі праявіць сябе ў конкурсах і атрымаць салодкія прызы, арганізаваны ўстановамі культуры вёсак Казялужжа, Веляцін, Слабажанка і Звяняцкае. Дырэктар раённага Дома рамёстваў З.С. Бураўцава правяла майстар-клас для ўсіх жадаючых, паказаўшы, як вырабляць святочныя лялькі. Паралельна перад гледачамі выступілі з канцэртамі калектыў цэнтра культуры г. Хойнікі «Грамада», а таксама «Журавінка» і дзіцячы вакальны ансамбль «Жавароначкі» аўтаклуба.
Спявалі артысты Звеняцкоўскай бібліятэкі-клуба, Барысаўшчанскага і Веляцінскага СДК, Глінішчанскага цэнтра вольнага часу. Работнікі раённага Дома культуры зацікавілі прысутных на свяце тэатралізаванай пастаноўкай і латарэяй, якую правяла культарганізатар Н. Лапцева.
Не абышлося без «пеўніка», за якім неаднаразова лазілі на слуп адважныя хойніцкія хлопцы. Вядучыя мерапрыемства – В. Вяргейчык і Н. Пляско з Барысаўшчанскага СДК – толькі паспявалі выклікаць самых спрытных на сцэну і ўручаць ім каштоўныя падарункі. Адначасова для дзяцей праводзіліся спартыўныя конкурсы, арганізаваныя ДЮСШ разам з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.