Толькі тыдзень застаўся да выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Як паведаміла старшыня раённай выбарчай камісіі Т.А. Протчанка 18 сакавіка, у першы дзень датэрміновага галасавання, участковыя выбарчыя камісіі працуюць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00, у дзень асноўнага галасавання – 23 сакавіка – з 8.00 да 20.00.
Згодна з арт. 53 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь датэрміновае галасаванне ажыццяўляецца ў прысутнасці не менш двух членаў камісіі. Галасаванне па месцу знаходжання выбаршчыка ў перыяд датэрміновага галасавання не дапускаецца. Галасаванне за іншых асоб таксама не дапускаецца.
Праводзячы выбары адкрыта і галосна, камісія інфармуе грамадзян аб ходзе датэрміновага галасавання, вывешваючы ў памяшканні для галасавання адпаведныя пратаколы.
АДДАЙЦЕ СВОЙ ГОЛАС
Удзел у галасаванні – наш грамадзянскі абавязак. Кожны хайнічанін павінен вызначыцца са сваім выбарам і аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 27 склікання. І разумна ўзважыўшы тое, што маем, і тое, што абяцаюць кандыдаты ў дэпутаты, аддаць свой голас за захаванне таго курсу, якім мы рухаемся, за стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Да нашых выбраннікаў прад’яўляюцца высокія патрабаванні, ускладваюцца на іх важныя дзяржаўныя і грамадскія абавязкі. Ад работы дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, грамадзянскай зацікаўленасці, умення акумуліраваць і выказваць волю выбаршчыкаў залежаць нашы поспехі ў сацыяльнай і вытворчай сферы, наш агульны дабрабыт.
Запрашаю жыхароў горада і раёна прыйсці на выбарчыя ўчасткі, прыняць удзел у выбарах і аддаць свой голас за дастойнага кандыдата ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў.