Мары моладзі зараджаюць на плённую працу

Власть

З гэтага тыдня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Хойніцкай акрузе Святлана Чэкан будзе працаваць у сваёй акрузе.

А гэта значыць, пройдуць чарговыя прыёмы грамадзян, паступяць новыя пытанні і звароты, будуць вырашацца надзённыя пытанні. Напярэдадні мы распыталі аб асноўных момантах дзейнасці дэпутата ў бягучым годзе.

– Раскажыце, калі ласка, якія пытанні разглядвае пастаянная камісія па аграрнай палітыцы, намеснікам старшыні якой Вы з’яўляецеся?
– Пытанні аграрнай палітыкі і аграпрамысловага комплексу, развіцця сацыяльнай інфраструктуры сельскіх населеных пунктаў, заканадаўства аб сельскай гаспадарцы, ахове і выкарыстанні зямель, геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці.

На разглядзе ў камісіі зараз знаходзяцца наступныя законапраекты: «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі», «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Міжнароднай канвенцыі аб грамадзянскай адказнасці за шкоду ад забруджвання бункерным палівам 2001 г.», «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Найробійскай міжнароднай канвенцыі аб выдаленні патанулых судоў 2007 г.». Апошні, дарэчы, рыхтую менавіта я, і буду выступаць з ім у Авальнай зале ў наступным месяцы.

16 мая ў першым чытанні прыняты праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі». Ён падрыхтаваны ў мэтах выканання палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.11. 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і шэрагу ўказаў кіраўніка дзяржавы, падпісаных у 2017 і 2018 гадах, па пытаннях кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, пустых і старых дамоў, стымулявання выкарыстання электрамабіляў, а таксама аб удасканаленні парадку прадастаўлення зямельных участкаў. Асобныя палажэнні накіраваны на прывядзенне Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі ў адпаведнасць з нормамі Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь і Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце».

– Што ўключае ў сябе работа ў акрузе?
– Гэта правядзенне прыёмаў грамадзян, сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Праходзяць сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, абмяркоўваем надзённыя пытанні, магчымасці вырашэння тых ці іншых праблем.

Асобную ўвагу ўдзяляю абмеркаванню з жыхарамі раёна законапраектаў, што знаходзяцца на разглядзе ў Парламенце. Лічу, што абавязкова неабходна вывучаць меркаванні насельніцтва, спецыялістаў па законапраектам, якія непасрэдна датычаць жыцця грамадзян.

З радасцю прымаю ўдзел у рознага роду мерапрыемствах, віншаваннях людзей працы, таму што яны дастойныя слоў падзякі за сваю часам вельмі нялёгкую працу. І гэтыя словы падзякі самае меншае, што я магу зрабіць.

Што датычыць непасрэдна правядзення прыёмаў грамадзян, то ў 2018 годзе прынята 79 чалавек, разгледжаны 61 вусны і пісьмовы зварот. У першым квартале бягучага года звярнулася 27 чалавек, разледжаны 21 зварот. У асноўным людзі звяртаюцца па самых жыццёвых праблемах, асабліва тых, што датычаць камунальнай галіны: ацяпленне, водазабеспячэнне, капітальны рамонт. Многа скарг на якасць дарог, недастатковае гандлёвае абслугоўванне. Пытаюцца пра выдачу віда на жыхарства. Усе пытанні вырашаюцца сумесна з мясцовымі органамі кіравання і самакіравання, садзейнічанне часам патрабуецца ад аблвыканкама. З усімі знаходзім узаемаразуменне.

– З якой аудыторыяй цікавей працаваць?
– Вялікае задавальненне атрымліваю ад сустрэч з падрастаючым пакаленнем: вучнямі школ, навучэнцамі ліцэяў і каледжаў, студэнтамі. Сваім пазітывам, цікавасцю да жыцця, смелымі марамі яны даюць настрой для далейшай плённай работы.

Многае даюць сустрэчы ў межах Школы Актыўнага Грамадзяніна. У лютым прыняла ўдзел у ШАГе ў сярэдняй школе № 3 г. Хойнікі, у мінулым месяцы – ў Рэчыцкай школе. Рабяты цікавіліся законапраектамі, што рыхтуюцца ў Палаце прадстаўнікоў, выказвалі меркаванні наконт апошніх падзей у жыцці краіны, расказвалі пра сябе і сваіх планах.

На мінулым тыдні актывісты школ Хойніцкага раёна наведалі Мінск, для іх правялі экскурсію па Палацу Незалежнасці. Думаю, гэта знакавая падзея ў жыцці юнакоў і дзяўчат – наведаць месца, дзе ствараецца будучае нашай краіны.

Запісала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *