Старонкі Вялікай Айчыннай… Яны ўпісаны масавым гераізмам савецкага народа ў барацьбе з ненавісным ворагам. Аднак знаходзіліся і такія, якіх і людзьмі назваць нельга, якія ваявалі супраць сваіх, забівалі, катавалі…
У 70-я гады ХХ стагоддзя ён жыў пад Гановерам, у горадзе Цэлле. У 1943 годзе ўцёк разам з акупантамі з Беларусі. Нацысты, баючыся расплаты, збеглі з чужога дому, а ён – са свайго да чужога. На Радзіме баяўся савецкай улады, партызан, сваіх суседзяў, нават сваякоў.
…Вечарам 14 кастрычніка 1943 года начальнік паліцыі ў гарадскім пасёлку Хойнікі А. Ярмольчык з чатырма паліцэйскімі ўварваўся ў дом, дзе жыла Соф’я Сцяпанаўна Карась і пяць дзяўчынак – яе дочкі. Двухгадовую Кену з пасцелі ўзнялі на штыкі. Чатырохгадовай Нэлі ўдалося выскачыць у двор. Яна пабегла да суседзяў. Дурнічка, ёй бы маўчаць, а яна крычала: “Ратуйце, цёця Паша!” Дзяўчынку дагналі. Схапілі за горла і ўцягнулі ў дом. Яна ўжо не магла крычаць, але біла ножкамі. Тады яе ўзялі за ногі і раструшчылі галаву аб сцяну. Яна яшчэ была жывая, яшчэ варушылася і яе сястрычка Кена, скінутая са штыка на падлогу. Былі жывыя і маці, і тры астатнія дзяўчынкі, скалечаныя садыстамі. Усіх іх пакідалі на воз – ні ісці, ні сядзець яны не маглі – і павезлі ў паліцыю. Там расстралялі. Усіх: Веру, Мілу, Дзіну, чатырохгадовую Нэлю і двухгадовую Кену. Расстраляў Ярмольчык.
Чытаць гэтыя радкі жахліва, але выслухайце ўсё па парадку. Восенню 1941 года Аляксандр Міхайлавіч Ярмольчык, 1915 года нараджэння, дэзерціраваў з Савецкай Арміі і, здрадзіўшы Радзіме, пайшоў на службу да акупантаў. З восені 1941-га да лютага 1942 года ён быў следчым Хойніцкай раённай паліцыі, сфарміраванай фашыстамі з такіх жа здраднікаў. Гэта была яшчэ самая мірная яго работа ў немцаў. Потым ён выслужыўся да начальніка паліцыі. Вось тут-та і разгарнулася на поўны моц садысцкая натура здрадніка.
Фашысцкая паліцыя павінна была весці аперацыі супраць атрадаў партызан. Але карнікі баяліся народных мсціўцаў, хаваліся ад іх. Вырадкі смела ваявалі толькі з жанчынамі, старымі, дзецьмі. Вёскі стаялі ў той час амаль пустымі. Многія, вельмі многія, хто не быў на фронце або ў партызанах, хаваліся ад паліцыі ў лесе.
Герой старой англійскай казкі паляўнічы не мог спаць па начах – да яго прыходзілі душы забітых птушак. Ярмольчык спаў спакойна. Яму не сніліся забітыя ім грудныя дзеці, дзяўчаты, маці, цяжарныя жанчыны, старыя. Ірад не мілаваў нікога. Не мілаваў нават сваякоў.
У лютым 1943 года да паўсотні паліцэйскіх пад кіраўніцтвам Ярмольчыка накіраваліся ў вёску Амелькаўшчына. У чатырох кіламетрах ад яе ва ўрочышчы “Дубраўка” хавалася некалькі сем’яў. Убачыўшы паліцэйскіх, людзі разбегліся. Але прадбачлівы начальнік паліцыі загадзя акружыў гэты ўчастак лесу і затрымаў каля 30 жанчын, дзяцей, старых. Іх сагналі ў адно месца, распранулі, пасадзілі прама ў снег. Іх, седзячымі на снезе, так і расстралялі. Пачаў Ярмольчык. Ен страляў з кулямёта. Астатнія – з вінтовак і пісталетаў.
Вярнуўшыся ў вёску, карнікі падзялілі паміж сабой адзенне расстраляных і накіраваліся ў другое ўрочышча – “Карэлаўку”. Яны захапілі з сабой старога Гуляя, сям’я якога хавалася ў лесе. Як толькі прыехалі ў лес, стары крыкнуў – падаў сігнал сваякам. Ярмольчык тут жа забіў старога і кінуў у палонку.
Некаторы час шукалі стаянку лясных жыхароў і раптам заўважылі іх – 35 чалавек на дарозе, на санях. Людзі спрабавалі ўцякаць, але вылавілі ўсіх. Ярмольчык раптам пазнаў жонку былога старасты Аўраама Гуляя, які пайшоў у партызаны.
– А ну, патанцуй! – загадаў ён.
Распранутая, босая жанчына стаяла амаль па калені ў снезе і маўчала.
– А ну, танцуй, сука! – закрычаў Ярмольчык.
Тая плюнула яму ў твар. Ен некалькі разоў ва ўпор выстраліў у жанчыну з пісталета. Затым выхапіў у кагосьці з паліцэйскіх ручны кулямёт і пачаў страляць па натоўпу. Людзі прасілі літасці, кідаліся, поўзалі раненыя. Ярмольчык расходваў тры дыскі і доўга яшчэ працягваў біць – ужо па трупах.
У вёсцы Мокіш Ярмольчык расстраляў сям’ю свайго родзіча Сямёна – жонку і двух дзяцей.
Ноччу 15 лютага 1943 года Ярмольчык зайшоў у дом, дзе чакалі адпраўкі ў Германію 12 дзяўчат, сагнаных з вёсак, што акружаюць Хойнікі.
– Збірайцеся, – загадаў ён. – Ісці нам недалёка.
Ганна Аўдзеенка забавілася. Ен ударыў яе па твары. У двары плакала і прасіла адпусціць яе Рая Крот – дачка мясцовага свяшчэнніка. Прыйшлі ў малады сасоннік, што ў двух кіламетрах ад станцыі Хойнікі. Тут Ярмольчык скамандаваў: “Гэтых вядзіце да названага месца, а з гэтымі я сам распраўлюся”. Ярмольчык згвалціў пятнаццацігадовую Ганну Аўдзеенку, 16-гадовую Раю Крот і расстраляў іх. У Раі Крот перад расстрэлам разам з залатым пярсцёнкам адарваў палец.
Гэта было ў лютым, а 20 сакавіка 1943 года вышэйшы начальнік “СС” ад імя Гітлера ўзнагародзіў капрала паліцыі А. Ярмольчыка медалём “За адвагу”.
500 сведак злачынстваў Ярмольчыка прайшлі перад работнікамі Гомельскага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Яны аднавілі ўвесь малюнак, кожную мінуту жыцця гэтага вылюдка. Ен удзельнічаў у масавым знішчэнні яўрэяў, цыган. Каля тысячы мірных жыхароў знішчана рукамі Ярмольчыка.
І пасля ўсяго гэтага ціха-мірна жыў у ФРГ, ажаніўся другі раз на нашай суайчынніцы. Але душу садыста схаваць нельга.
У пачатку ліпеня 1963 года Савецкі ўрад накіроўваў ураду ФРГ ноту аб выдачы А. Ярмольчыка савецкім уладам для аддання яго суду за ўчыненыя злачынствы. Але на працэсе, што праходзіў у Хойніках, на лаве падсудных Ярмольчыка не было.
Мы ведаем, што ў Германіі разгульвалі на свабодзе многія з тых, хто павінен быў панесці пакаранне за ўчыненыя злачынствы ў гады вайны. Але тысячы і тысячы мясцовых мірных грамадзян, чые рукі не запэцканы чалавечай крывёю, у адрозненне ад некаторых сваіх палітычных і дзяржаўных дзеячаў, асуджаюць ваенных злачынцаў.
М. СКРЫПЧАНКА.