Хайнічанін Ягор Ашарчук у ліку лепшых аратых краіны

Главное Сельское хозяйство

У межах 29-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2019» прайшоў штогадовы рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы араты – 2019».

Конкурс апрацоўшчыкаў глебы аб’яднаў 12 каманд механізатараў экстра-класа з шасці абласцей і больш за 10 каманд з каледжаў аграрнага профілю Беларусі. У камандзе Палескага аграрнага каледжа імя У.Ф. Міцкевіча, што ў Калінкавічах, быў і хайнічанін Ягор Ашарчук. Рыхтаваў каманду майстар вытворчага навучання Міхаіл Федарук.

Спаборніцтвы складаліся з некалькіх этапаў і праходзілі на трактадроме БДАТУ ў Бараўлянах. Першы іспыт прадстаўляў сабой тэарэтычны экзамен па ўстройству трактароў. Дарэчы, Ягор справіўся з ім удала, набраў 9 балаў з 10 магчымых. Далей – больш. Выпрабаванні другога этапа праходзілі на трактары «Беларус-82.1» у фармаце «Трактар-шоў». Праходжанне змейкі, эстакады, малагабарытнага тунэлю, пераадоленне броду (дробнае месца ракі ці возера) – усё гэта ўпершыню было ўключана ў праграму конкурсу ў бягучым годзе. А яшчэ і непрымацаваны груз – пяцілітровы балон па тыпу газавага на прычапным устройстве, які не павінен зваліцца. Інакш будуць налічаны штрафныя балы. Усё гэта прымусіла Ягору пахвалявацца. Але ён не збіраўся саступаць і ўпарта імкнуўся да перамогі. На трэцім этапе, які прайшоў на палях эксбазы імя Катоўскага Уздзенскага раёна, удзельнікаў чакалі новыя цяжкасці: узорванне складанага па рэльефе і глебе поля на аднолькавую глыбіню без грабянёў і крывізны.

Найлепшы вынік у асабістым заліку паказаў навучэнец групы 31УМ Ягор Ашарчук. На трактары Беларус-952 з плугам ПЛН-3-35 ён заняў другое месца ў рэспубліцы. У якасці падарунка атрымаў кухонны камбайн, набор інструментаў і грашовую прэмію.

Дарэчы, у конкурсе профмайстэрства Ягор удзельнічаў у першы раз. Прызнаецца, што стаць сярэбраным прызёрам сярод аратых рэспублікі ніяк не чакаў. У наступным годзе плануе замахнуцца на перамогу.

Вікторыя МАРОЗ.
Фота Мікалая БАРЫСЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *